Читать «Вужык. Голуб на плячы. Дак» онлайн - страница 9

Анатоль Бароўскі

Зразумеў – застудзіўся. Бо пачалі біць дрыжыкі, рабілася горача. Было вялікае жаданне прылегчы, скурчыўшыся, суняць прастудную трасучку… Але дзе там – статак трэ пільнаваць, махаць ды махаць пугай, каб каровы баяліся яго…

То перад яго вачыма ўсплываў вобраз бацькі, які мерыўся ўзяць на рукі і несці далей, каб аблегчыць сынавы пакуты, то дарогу пераходзіў Рафал – скаліў нечага зубы, як радаваўся нечаму, то здавалася, што вужык крычаў і папярэджваў пра нешта…З вялікімі намаганнямі сагнаў у адзін гурт статак. Для парадку нават пералічыў кароў. Усё сыходзілася, на душы зрабілася трошкі лягчэй… Ледзьве дацярпеў да вечара.

Вужыка паклаў на яго месца. Там жа, побач з пнём, пакінуў і пугу – не было ўжо сілаў трымаць яе. Адно што прыкрыў яе ламаччам, схаваў ад чужога вока…

Да вёскі падыходзіў, ледзьве перастаўляючы ногі. Гайдалася зямля, здавалася, што перад ім ідуць не каровы, – авечкі, і што яны не ідуць, а плывуць па нейкай рацэ…

– А дзе ж мая кароўка, Васілько? – прыбегла дахаты цётка Панцэсіха – жанчына-балаболка, сто слоў у секунду выпаліць, нагаворыць сто бочак брахнёў, хаця голас у яе ласкавы, бяскрыўдны, што і крыўдзіцца на яе не выпадала. – І Міхалавай кароўкі не прыгнаў, і дырэктаравай, і бабы Міхаліны…

– Ды што ж гэта такое, сынок? – устрывожана паглядзела на яго маці, на Панцэсіху позірк перавяла, якая на дзіва спакойна стаяла і маўчала, чакала, што адкажа пастушок. – Ты ж ніколі і не губляў статак…

Васілёк без ахвоты зачарпнуў колькі лыжак баршчу, выцер губы і рукавом узмакрэлы твар – лоб аж гарэў, – калі б маці дакранулася да яго, то жахнулася б.

– Ведаю – на Бобрыку каровы, – прамовіў ён, падумаўшы. – Пайду прыганю…

– Сынок, ты ж ледзьве на нагах стаіш, – апамяталася запознена маці, скрушна паківала галавой. – Мо я прыганю іх, га?

– Нічога. Вытрываю…

Ён гаварыў ужо як дарослы. Як мужчына. Як гаспадар. Адчуваючы, які клопат ляжыць на яго плячах.

Да Бобрыка было з кіламетраў пяць.

– Прыгані, Васілёк, прыгані, – абрадвалася, памякчэла цётка Панцэсіха, заўсміхалася абрадавана, што хлопчык верне дадому астатні статак, – я ж нічога не кажу, ведаю, што мая карова шкадлівая, і другіх магла ў шкоду завесці…

– То ж і з дарослым магло быць такое… Прыгані, прыгані, Васілько… Ой, горачка ты маё, што ж тут паробіш… Ноч наперадзе…

Але на Бобрыку – прасторным полі і вузенькай рачулкай з густой травой на беразе – кароў не было. Тое яго вельмі здзівіла і засмуціла. Не знайшоў іх і за Адолькавым кругам, куды ўцякалі не раз, – але ён адразу разгадваў іх хітрыкі.

8.

Страх і крыўда падкаціліся да дзіцячай душы, неспакой авалодаў ім. Ён ужо забыўся і пра сваю хваробу, хаця ўзмакрэў ад хады і тэмпературы.

Не было кароў і ў Броньцы, і ў Алёсах.

“Уцекачоў”, “самавольшчыкаў” ён убачыў нечакана для самога сябе і не там, дзе спадзяваўся іх знайсці, бо ён згубіў ужо і надзею ўбачыць іх, і яму ўжо ўяўляліся жудасныя відовішчы з ваўкамі, якія маглі напасці ноччу на кароў…

Агінаючы ўзболатак, пачуў нечы глыбокі ўздых. Ён прыпыніўся, чуйна прыслухаўся – чалавек ці які звер? А ўжо добра змерклася, і ён нічога не бачыў перад сабою…Пачуўся новы ўздых ці выдых – глыбокі і глухі, як хто пазбаўляўся ад цяжкай стомы. І тады ж адразу здагадаўся – то ж яны, каровы! То яны ляжаць на астраўку, адчуваючы вакол багну і не рызыкавалі ісці ў невядомасць.