Читать «Вужык. Голуб на плячы. Дак» онлайн - страница 6

Анатоль Бароўскі

Дзяўчаткі адскочылі ад яго, завойкалі, са здзіўленнем глядзелі, як хлопчык смела трымаўся з паўзуном.

– Не бойцеся, дзеці, вуж – самае бяскрыўднае стварэнне, – супакоіў усіх дырэктар школы і ўзяў сам у Васілька вужыка, – на зямлі іх маецца паўтары тысячы відаў, а ў нас, на Беларусі, усяго два – вуж звычайны і гладкі – мядзянка.

– А мне бабуля казала, што калі ўкусіць мядзянка, то потым штогод ад месца ўкуса адвальваецца кавалак мяса, – сказала Палінка, суседка Васілька, і тут жа зачырванелася, апусціла галаву – сарамлівая была, слова лішняе баялася сказаць на людзях.

Рыта, дачка Крупы, стаяла побач і разглядала зусім зблізку вужа. Васілёк міргануў ёй – вазьмі ў рукі, не бойся…

– Не, Палінка, бабка падманьвала цябе, баялася, каб ты адна ў лес не хадзіла. Мядзянка – таксама бяскрыўдная істота. Яна ніколі не нападае на людзей. Дарэчы, як і гадзюка. Яна пазбягае сустрэчы з чалавекам. Гэта калі ўжо нехта ўзлуе яе чым-небудзь, і то гэта рэдкая, вельмі рэдкая з’ява…

Дырэктар вярнуў Васільку вужыка, папрасіў:

– Аднясі, хлопча, яго туды, дзе злавіў.. Няхай гуляе сабе на волі…

Рыта пайшла следам і глядзела, як ён выпусціў яго з рук, як шустра пабег-папоўз ад людзей лясны жыхар – як абрадваўся, што яго адпусілі на волю…

6.

Васілёк і вужык пасябравалі.

І ўжо не маглі адзін без аднаго. Калі ранічкай пастушок падыходзіў да яго, вужык як ажываў, выкручваўся, выгінаўся, галаву падымаў, і супакойваўся толькі тады, калі пастушок браў на рукі. Як немаўлятка якое, што прывыкла да рук бацькоў…

Аднаго разу, па абедзе, калі пастушок гнаў статак на новыя сакаўныя паплавы, хочучы, каб яны наеліся сытна – аж да раніцы, сустрэў на лясной сцяжыне аднавяскоўца Рукана – з мехам за плячыма. Што было ў мяшку – аднаму Богу ведама…

– Здароў быў, пастух! Як мая кароўка – наетая?

– Добры дзень! А чаго ёй галоднай быць – травы ўсім хапае. Сакавітая яна ўсюды – не лянуйся, хапай.

Рукан падаў руку. Васілёк выдаўжыў сваю, каб паціснуць далонь аднавяскоўца. Калі ж рукі дакрануліся адна да адной, Рукан войкнуў, вырачыў, акругліў спалохана вочы і рэзка аддзёрнуў сваю.

– А-ааа! – зароў, адмахваючыся як ад нечага страшнага, – аж адскочыў порстка на бяспечную адлегласць.

Толькі тады здагадаўся Васіль, ад чаго так сябе павёў Рукан – на руцэ, абвіўшыся спружынай, стаіўся вуж.

– Падла ванючае, панімаш, ты жартаваць уздумаў? Пасміхацца з мяне? Ну, я табе… Век будзеш мяне памятаць, папомні маё слова!

– Ды я не вінатаваты, дзядзька Рафал. Я не жартую. Я з ім кожны дзень гуляю. Падружыліся мы з ім. Во гляньце, ён не кусаецца… Не верыце, дык дырэктара школы спытайце – і ён тое ж самае скажа. Даруйце, калі так, я ж не хацеў… Забыўся я пра яго, што ён у маёй руцэ…

І ён паклаў вужыка на патыліцу, закруціў яго, як шалік, а пасля, падумаўшы, кінуў у адтуліну расшпіленай сарочкі – каб не злаваць Рукана.

– Падружыліся яны, тваю маць… Дружбакі, тваю маць, панімаш, не разлі вада… Панімаш… Ты мне гэтае папомніш. Дырэктара спытаць, тваю маць… Я як спытаю, дык моташна стане. Яшчэ трэба разабрацца, чаму той дырэктар вас вучыць, панімаш… З людзей здзекавацца і пасміхацца? Тваю маць, панімаш…