Читать «Вужык. Голуб на плячы. Дак» онлайн - страница 10

Анатоль Бароўскі

Так яно і было – на астравок сярод узболатка і ляжалі адна каля адной, цяжка дыхаючы, адкінуўшы ўбок важкае, налітае за дзень малаком, вымя.

Падняліся нехаця, лена, незадаволена.

У вёску прыгнаў кароў ужо глыбокай ноччу.

Але яго чакалі, не спалі тыя, у каго карова не вярнулася з пашы.

Радасна загаварылі жанчыны, але найбольш Панцэсіха. Пастушку дзякавалі – ніхто не ўшчуваў, ніводнага слова папроку яму ніхто не выказаў…

Дадому, каб не даваць крука – па вуліцы, падаўся праз паплавы. У яго канчаліся ўжо сілы – іх ужо і зусім не было ў яго, не ведаў, на чым і трымаўся – вадзіла з боку ў бок, ішоў, як п—яны, як паранены з поля бою… А ён сапраўды правёў бой, і выйшаў з яго пераможцам. Бо зразумеў – калі не будзе перамагаць у дальнейшым сваім жыцці, то цяжка і невыносна прыдзецца яму…

Лягчэй, здавалася, было паўзці, чым ісці.

Ён знайшоў у сабе сілы не ўпасці, загадаў самому сабе вытрымаць, выцярпець і адолець сваю нямогласць. Выканаў свой жа загад, падпарадкаваўся волі, прашаптаў, сам ад сябе не чакаючы , словы сваёй бабулі, матулінай маці, Настазі:

– Божа міласэрны, памажы і захавай!..

Не даходзячы да плота, у шэрым прыцемку заўважыў нечую постаць. Адразу пазнаў – Рафал Рукан. Стаяў і назіраў за вуліцай – яна была высветлена фарамі машыны, якая невядома чаго і аказалася ў вёсцы.

– Вось так, панімаш, будзеш знаць, як быць разумнейшым за ўсіх, – прамовіў уголас і зарагатаў Рукан, як бы танцуючы на адным месцы, а потым раптоўна шусьнуў некуды ў цемру – як адчуў некага побач, а мо і па сваіх патрэбах падаўся, толькі глухія крокі чуліся, як убіваў падэшвы ботаў у зямлю…

З акна дырэктара школы даносіліся словы ўрачыстай песні:

О Сталине мудром я песню слагаю, А песня такая – от сердца, а песня такая…

Машына стаяла каля самай хаты – ля веснікаў.

Двое вайскоўцаў перагаворваліся між сабою, курылі, стаялі каля кабіны, сплёўвалі сабе пад ногі.

9.

Потым двое вывелі з хаты Міхася Пятровіча.

Нават у цемры Васілёк заўважыў, які ён збянтэжаны і прыгнечаны, і не разумеў сам, мусіць, што адбывалася наўкола, чаго прыехалі вайскоўцы да яго…

Нечакана загаласіла жонка, загаласіла як па нябожчыку, бо, пэўна, ведала, што азначаў прыезд энкэусаўскай машыны – “чорнага ворана”. Крумкача. А крумкач, як вядома, распраўляўся са сваёй ахвярай без роздуму і шкадавання.

– Пецечка, за што ж яны цябе-ее? Пятрусь, ты ж ні ў чым не вінаваты!

– Не плач, Наталля, у таварышаў памылка нейкая адбылася – разбяруцца, што да чаго, і я вярнуся заўтра… Вось пабачыш, не хвалюйся…

Голас у Крупы дрыжэў – мусіць, і сам не быў упэўнены ў тым, пра што сам казаў, але стараўся супакоіць сябе, але найбольш жонку. Ён неяк сагнуўся, быццам узвалілі на яго здаровы мех, стаў меншы ростам, і непадобны быў на самога сябе.