Читать «Вужык. Голуб на плячы. Дак» онлайн - страница 7

Анатоль Бароўскі

Рукан таптаўся, як танцаваў на адным месцы незразумелы танец, шукаў і не знаходзіў мяшок, што асунуўся з-за спіны на зямлю, наступаў на яго нагамі – і не бачыў. Як аслеп са страху. Васільку і смешна было ад такіх паводзін Рукана, але тут ужо было не да смеху – мог раз’ятрыцца і кінуцца з кулакамі. Але дзіцячым розумам разважаў – не, не кінецца на яго, раз так баіцца вужоў, то і не падыдзе да яго, не асмеліцца… Абаронцам стаў вужык.

Мяшок усё ж знайшоўся.

Рафал выцер рукавом узмакрэлы твар і лоб, зіркануў яшчэ раз нядобра ў бок пастушка, закінуў мех за плячо, крутануўся на гумавых дзіравых ботах – і пасунуўся ў гушчарняк, усё яшчэ нешта гугнявячы сабе пад нос…

А вужык як адчуў нешта – стаіўся пад сарочкай, не варушыўся, не напамінаў пра сябе. Пэўна, адчуў злога і нядобрага чалавека.

І нават пазней, калі і адышлі ад таго месца, як ні стараўся разварушыць і развесяліць вужыка, – той не паддаваўся, быў нейкі вялы, абыякавы – злое слова чалавека і чорная энергія падзейнічалі на вужыка прыгнятаюча.

Тады ж і зразумеў Васілёк Зубрыцкі, што вужык вельмі чуйна рэагуе на дабрыню і пяшчоту, і не пераносіць лядайкага і агрэсіўнага воклічу. Падумаў яшчэ – вужык не памыліўся ў Рафаілу. Рафаіла ніхто ў вёсцы не любіў. Не любілі яго і да вайны, і ў вайну. І – пасля вайны…

Як і сястру яго, Лёдзю.

Пастушок узяў у абедзьве рукі вужыка, паднёс да твару.

– Ты ж вельмі разумная істота, ці не так, Паўзунок? – дапытваўся ў яго хлапчук. – Ты ўсё чыста разумееш, ды сказаць не можаш. От каб ты ўмеў гаварыць, мы не маглі б з табой нагаварыцца за дзень… Я б табе столькі расказаў бы пра сябе. Як і ты пра сябе. Праўда, Паўзунок?

Але вужык маўчаў.

Ён нават прымружыў вочы. Як спаў усё роўна. Ці не хацеў весці размову са сваім сябрам. Не ад крыўды. Ад стомы. Ад сполаху.

Паўзунок споўз з рукі, пасунуўся ў расшпіленую адтуліну сарочкі.

Не варушыўся, ляжаў – адпачываў, прыходзіў у сябе…

7.

Новы год быў сапсаваны.

Збіраліся з жонкай Марынай пайсці да сяброў – дамаўляліся яшчэ з месяц назад, што збяруцца разам, – але з такім настроем толькі дровы калоць, каб на расколцы круглякоў вымясціць свой пануры настрой.

Жонка сказала, узважыўшы ўсё:

– Будзем дома сустракаць. Нікуды не пойдзем.

Пра выпадак на будоўлі не напамінала, нічога не раіла, не супакойвала нават – ведала, што тут не паможа ні слова, ні парада, наадварот, можна зрабіць больш балюча…

– Марына, я хачу выпіць, – глуха прамовіў Зубрыцкі.

Жонка прынесла пляшку каньяку і шклянку, не чарачку, паставіла на стол. Ён падышоў да серванта, адчыніў шкляныя дзверцы, узяў вялікі крышталёвы фужэр. Наліў як не поўны – і выпіў нагбом за некалькі глыткоў.

Смаку не адчуў. Нават не скрывіўся – як ваду піў.

Марына не здзівілася – усё разумела.

У той жа момант падумала, што можа гэта і ратуе мужыкоў ад стрэсаў і інфарктаў у такія моманты, хто ведае…

Васіль узяў з вазы жоўтую антонаўку і ўпіўся ў яе зубамі.

Праз колькі хвілін адчуў, як прыглушылася нудота, некуды адсунулася і трывога – мо за белыя фіранкі акна, кульнулася кумельгам ў халодную цемрадзь начы…