Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 95

Анатоль Бароўскі

— Фантазёр ты, аднак, дзед, з табою не засумуеш.

Мікіта зарагатаў, за жывот узяўся, шчарбатыя зубы паказаў, а Рыжусе паскардзіўся — яна ўсё яшчэ сядзела на плячы:

— Не верыць ляснік, што вы чалавека разумееце.

— Ды я не пра тое, дзядуля.

— А я пра тое, калюх-калюха... І пра гэта.

Рыжуха шуснула з дзедавага пляча, скончыла на галінку, да Каваля ў госці падалася — пэўна, прасіць, каб новую хатку для яе змайстраваў: шчыліна ў Яркавага дуба збоку адкрылася — добра было б там пасяліцца. А Каваль усё сваёй нястомнай дзюбай можа — у кляновым гаі і ў Барсучыным хутары вунь колькі дуплаў панарабляў, як не ў кожным трухлявым клёне.

— Не я, прырода гэтага не хоча, — зазначыў ляснік, узяў Модніцу ў рукі — яна і не шыпела нават, не палохала сваім джалам, на руку наматаў яе, як пугу. — А парушаць яе законаў нельга — шкода ад таго вялікая будзе. І людзям, і звярам. Таму і патрабуецца ад чалавека самае мінімальнае — не пашкодзіць. Але, на жаль, ён не толькі шкодзіць, а і губіць. І колькі загубіў, што толькі ў кнігах ды ў памяці і засталіся жывыя істоты — вынішчыў усё. А ў паляўнічыя калектывы запісваюцца новыя і новыя стралкі, і ніхто не ведае, што ў іх на душы — з якім сэрцам яны бяруць стрэльбу ў рукі. Бо дзе стрэльба — там і смерць, там і кроў, і згуба... А людзі хваляцца, хто больш забіў, хто трапна пацэліў у звера. Прэміі нават даюць за звярыную смерць.

— Не гавары так, Косцік, ты вельмі страшнае гаворыш.

— А калі тое праўда, дзед?

— От, калюх-калюха на два бокі і ўсторч, дык ты, выходзіць, хочаш забараніць і паляванне, і высечку лесу?

— Чаму? Ва ўсім павінен быць разумны пачатак. Каб чалавек з чыстым сэрцам і светлай душой прыходзіў у лес. Каб брудныя ногі выціраў перад уваходам у лясное царства. Лес — гэта царква, лес — гэта Бог. І адносіўся да лесу як да самога сябе. А мы ж нішчым яго, забываючыся, што пішчым саміх сябе...

— І з-за гэтага будзе благі канец, так? — дзед закашляўся, ударыў кулаком сябе ў грудзі, у пачырванелых вачах выступілі слёзы. — От, калюх-калюха, я і забыўся, што гліну для работы падрыхтаваў, загалуніўся я тут з табою. А размова нашая, Канстанцін Мінавіч, спадабалася. Як скончу ляпіць, зноў прыйду.

— Прыходзь, дзед Мікіта, я буду чакаць. Ды і не дагаварылі мы з табой.

— А і правільна, не дагаварылі. Іншым разам, бо ўсё і не перагаворыш адразу. Часу ўсё бракуе. Клопаты, каб на іх ліха. І на тым свеце, здаецца, ад іх не будзе паратунку.

Ладуцька пакрысе паклыпаў дадому. Не аглядваўся. Кіраваў у той бок, куды і Вікця пайшла. Па яе слядах лучыў — па роснай і высокай траве, якую вось-вось пачнуць касіць. Тады яна, сохнучы на сонцы, востра і церпка запахне, будзе дражніць і кружыць голаў. Зірнуў туды і Цар. Цаласацік не варушыўся, бы заснуў. Рыжуха скакала з галіны на галіну — мусіць, дамовілася з Кавалём і цяпер радавалася змове. Хітруння і свавольніца.