Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 94

Анатоль Бароўскі

— Баліць усяму жывому — няхай ты чалавек ці Модніца, што адпачывае ў цябе на назе.

— Баліць, дзед, яшчэ і як баліць.

— Нам, чалавекам, баліць і ад слова, сказанага зласліўцам ці ворагам. І ад таго, калі хто прыкладзе руку — ды і не толькі руку, а калі што і ў руцэ. Вунь калі германец пахадзіў штыхам па маіх грудзёх, то яны і цяперака яшчэ ныюць, як свежая рана сядно. Так і жывёла — хатняя ці звер лясны, хоць слоў не разумее, а па голасе, як гаворыш, пазнае, здагадаецца — з дабром ты да яго ці са злом. А калі ж вытнеш выспяткам, то і падыходзіць больш не будзе да цябе — асцерагацца пачне, каб зноў не выцяў... Лясны звер толькі зла ад чалавека і чакае — няхай ён са стрэльбай ідзе ці без яе. А цябе і са стрэльбай не баіцца. Чаму, Косцік, паясні мне гэтую кандзіберыну.

— Не ведаю, дзед. І тое кепска

— То чаму ж, калюх-калюха?

— Даверлівыя яны тады. Да людзей ідуць смела, думаюць, што ўсе добрыя і спагадлівыя. А яны іх карцеччу сустракаюць, і цэліцца не трэба — на крок падыходзяць. І я, толькі я вінаватым раблюся ў іх гібелі. Таму я не да ўсіх добры. Іншых адганяю, паказваю, што і я злы чалавек, такі, як і ўсе, — тады яны ўсіх баяцца. Злыя і на мяне, але застаюцца жывымі ў маім абходзе. Так я кажу, Цар? Не адварочвайся, скажы.

Сахаты крутануў галавой, наглядаў у другі бок, быццам і не яго пытанне тычылася. Пераступіў з нагі на нагу, капытом камяк зямлі выграб і адкінуў некуды ў кусты.

— Не разумею, хлопча, цябе. А як жа гэтыя, што сядзяць і ляжаць тут з табою? — Ладуцька прыжмурыў вока, дабіваўся праўды ад лесніка.

— Яны? — удакладніў Міхалап і не ведаў, як правільна давесці свайму субяседніку сваю думку — ведаць-то ён ведаў, а вось расказаць... — А яны мне памагатыя ў маім абходзе.

— А-а, — дзед шматзначна матлянуў белай барадой, — тады яно правільна, тады яно так, калюх-калюха на два бокі і ўсторч. Ты глядзі, як панятна, хм...

Ды не, дзед. мусіць, нічога не зразумеў. Косцік тое адчуў адразу, як пачуў працяжнае «а-а-а». Ладуцька не хацеў пакрыўдзіць яго, Міхалапа, пакрыўдзіць нездагадлівасцю, і таму так хутка згадзіўся. А мо і зразумеў Мікіта — ён жа ўсё чысценька разумее на свеце, а цяпер во прыдурваецца. Хітры, аднак, дзед.

— Ты вось што скажы мне, Косцік, гаспадар лесу і сябра звяроў, — зноў ажывіўся ганчар, павесялеў. — Чаму ва ўсім свеце вучоныя вывучаюць столькі моў, расшыфравалі гліняныя пісьмы, на каменнях, што пісалі тысячы год назад, а вось мову звяроў не могуць адгадаць? Ці, можа, скажаш, мовы і зусім няма — ні ў птушак, ні ў звяроў, а яны разумеюць адзін аднаго па воклічу?

— Ёсць у іх мова, дзед.

— Тады чаму мы не можам ніяк наладзіць той моўны мост паміж імі і намі? — стары паглядзеў на Паласаціка, што ўткнуўся пысай у лісце, і паласатыя бакі датыкаліся да ног Цара, на сахатага — той лыпаў пасівелымі вейкамі і слухаў, стрыгучы вушамі. На плячо ўскочыла Рыжуха, як пацвярджала, што яны разумеюць, пра што гаварылі людзі. — Ты ўяўляеш, як бы змянілася нашае жыццё? Ідзеш ты па сваім абходзе і гаворыш Рэцыдывісту ці Цару, якія выйшлі табе насустрач, што заўтра наедуць паляўнічыя, што будуць рабіць на клыкастых аблаву, а па ліцэнзіі будуць адстрэльваць ласёў...