Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 97

Анатоль Бароўскі

— А не скажу, назло не скажу, — какетнічала дзяўчына, не прыдаючы значэння балабольству Косціка, нават пасміхалася з яго заляцання.

— Ну і не кажы. Тады адразу адкажы на маё пытанне — не адкладваючы і не думаючы: а ці пойдзеш за мяне?

Яна засмяялася, ведала, што любіў ён пажартаваць, мастак быў падштукарыць з каго-небудзь.

— Як возьмеш, то пайду, — са смехам адказала дзяўчына, сцепанула плечуком, як бы вызваляючыся ад рук хлопца, — толькі ж ты недарослы нейкі — у абдымках задушыць магу.

— У тваіх і памерці згодзен.

— Балабол ты, Косцік, — уздыхнула дзяўчына — развярэдзіў сусед яе дзявочыя мройныя думкі. — Позна ўжо, спаць пайшлі.

Праводзіліся нядоўга, жартавалі ўсё менш і менш. А калі падыходзіла багатуха, альбо, як яшчэ называлі тое асенняе свята ў Спрымачове — багач, па «мясцовым радыё» было абвешчана, што ў багачную суботу жэняцца Косцік Міхалап і былы паліцай Казімір Жамойда...

Ладзіў Ладзік вяселле

Тая вясельная субота запомнілася не толькі Косціку з Палінай, а і ўсім спрымачоўцам.

Яму і цяпер бачацца маладымі Ладзік Жменька, Міхал Клімаш, Зюнік Кашаед. Мала тады хто ведаў і здагадваўся, што рабілася ў яго душы. Ладзік адзін ведаў. І яшчэ Вікця.

Жменька — лепшы Косцікаў сябрук. Ён з другога боку быў яму суседам. Яму давяраўся Міхалап ва ўсім.

Ладзік быў гарманіст, якіх пашукаць. Калі браў у рукі гармонік, расцягваў мяхі і браў першы зазыўны акорд — што тады рабілася ў вёсцы! Дзяўчаты не маглі ўседзець на месцы, як птушкі рваліся на ўтаптаны пятачок.

Круцілі полькі каля Ладзікавага двара — цераз вуліцу, пад высокім дубам, на якім штогод сяліліся буслы.

І было ж аднойчы — яшчэ перад вайной... Бусел, мусіць, быў з разумных. Правільней, бусліха. Акурат дзіцяняты ў яе выводзіліся. Сказаць людзям, каб яны паводзілі сябе цішэй, яна, само сабой, не магла — не ўмела. Дык тады пайшла на хітрасць. Танцы былі акурат у разгары. Стараўся барабаншчык — аж над галавой бубен у азарце падымаў.

Нечакана для ўсіх не сваім голасам заверашчала Лёдзя Міхалініна, рукамі замахала, вочы вырачыла ад страху: на галаву ёй з буслянкі ўпаў чорны вуж і звісаў на шыі, як каралі. Паразбягаліся ад яе ўсе ўмомант. Толькі потым, як прыйшлі ў сябе, як ачомаліся, пачалі рагатаць, за жываты браліся. Адной Лёдзі было не да смеху — так у слязах і пайшла дадому, не дабыўшы да канца танцаў.

Косцік узяў таго вужа і аднёс у кусты, пусціў у рэчку.

Буслы пасля таго больш не жартавалі, але Лёдзя ніколі да дуба не падыходзіла.

Дык вось, Ладзік Жменька, дачуўшыся, што Косцік і Паліна рашылі пабрацца, стусянуў сябра локцем пад бок, прапанаваў свае паслугі:

— Ты, Косцік, за музыку не беспакойся. Я не так даўно сучку паршывую забіў, так што і барабан не падвядзе — а вяселле сыграю так, што доўга мяне памятаць будзеш...

— Што ж, буду ўдзячны, — абыякава адказаў сябар, уздыхнуў.

Ладзік мікіціў так: гармонік — добра, але сам гармонік што каса без травы. Да яго яшчэ скрыпка патрэбна — галасістая, пявучая, каб за душу хапала, каб ногі самі ў круг прасіліся.

А скрыпач — Міхал Клімаш — жыў за суседняй вёскай Ясянец, у Жахавічах.