Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 92

Анатоль Бароўскі

І — пачалося — падалося яму, прымроілася, а мо і наяве прыйшлі да яго лепшыя сябры. Селі побач і маўчалі, як нечага чакалі. Бліжэй за ўсіх сядзела яна, Любі-трава.

Ад стога патыхала медуніцай, канюшынай і травой Кахання — Любі-травой. Слабыя промні лашчаць твар, а яму здаецца, то Вікця сваімі рукамі дакранаецца да яго, пяшчотна гладзіць, шэпча яму нешта...

У мроі да яго прыйшлі тыя, каго ён любіў і не ўяўляў без іх свайго жыцця. Паласаціка, Рыжуху, ласёў — Цара і Царыцу, вужыка — Сарамлівага, нават воўк — Рэцыдывіст — стаіўся каля явару, скасавурыўся на Кляксу, маўчыць. Модніца — гадзюка, на пні ляжыць, хвост звесіла, слухае цішыню.

Клыпаў некуды дзед Мікіта, убачыў іх, павярнуў, на хаду нешта расказвае, махае рукамі, а рукі ў гліне — бы ў карычневых пальчатках.

— Ты дзе гэта сабе такую кампанію, Мінавіч, падабраў? — хітра пытаецца Ладуцька, з цікавасцю аглядае ўсіх — Паласаціка пагладзіў, нават Сарамлівага ў рукі ўзяў, а вось Модніцу не асмеліўся — баіцца, пэўна, каб не пеканула.

— То ж мае сябры, дзеду... Я іх усіх люблю. Без іх і жыць цяжка.

Вікця пачырванела, адвярнулася, ведама, не хацела, каб убачыў яе тут Ладуцька — каля Косціка — што падумае? Узяла лугавыя кветкі, пачала вянок ладзіць.

Задраў высака ўгору рогі Цар — хацеў дацягнуцца да сакавітай асінавай кары. Модніца ўспаўзла на Косцікаву нагу, скруцілася шэрай вяроўчынай і заціхла, паглядаючы на лесніка.

— Пайду хіба ўжо я, — паднялася Вікця, абабіла рукамі рудую спадніцу — бы ў пылоце сядзела, а не на шаўковай чыстай траве, так ва ўсім, акуратная, разважлівая. — Бо мае каровы разбрыдуцца.

«Мусіць жа ёй перад дзедам Мікітам няёмка, таму і хлусіць пра кароў, — падумаў са шкадаваннем Міхалап, што яна пакідае яго. — Але чаго яна дзеда саромеецца — ён жа ўсё разумее, благога не падумае...»

Ладуцька дастаў з кішэні капшук з тытунём, развязаў яго, набіў піпку, прыкурыў. Зноў загаварыў да Косціка.

— А чаго ты, Канстанцін Мінавіч, з сабою ружжо носіш, а ні разочку ніякай трафеі не прынясеш, га? — стары прыжмурыў адно вока, схаваў яго пад навіслым кужэльным брывом. — Ці баішся каго ў лесе?

— Каго ж мне баяцца? Гэта вунь яны баяцца — і каго? Нас баяцца. І днём, і ноччу. Няўжо такі страшны чалавек, дзед, ты мне на маё пытанне адкажы.

Ладуцька шавяльнуў сівымі бровамі, зноў апусціў іх. Паправіў валоку на лапцях, пыхкнуў дымком:

— Не, Міхалап, чалавек не страшны. Чалавек, можна сказаць, добры, калюх-калюха. Проста сярод нас пападаюцца, як звяры, па два бокі і ўсторч... Прабач. Косцік, што параўнаў з тваімі сябрамі — у цябе вунь і Рэцыдывіст, які летась у мяне гусей пахапаў на поплаве, у сябрах ходзіць.

— Не, дзед, ён гэтага не зробіць — мо далёкі які воўк-прыблуда. А з другога боку, дзеду, што паробіш, жывая істота, Божае стварэнне — і не бяда яго, што корміцца не травой...

— Праўду ты кажаш, калюх-калюха, яй-богу!.. Можа, і я пачну ляпіць іх, тваіх сяброў, яны ж неаддзельныя ад чалавека. Я думаю так, Косцік, — Мікіта прысунуўся бліжэй, нахіліўся да вуха, — што некалі, шмат гадоў назад, звяры і людзі жылі разам, адно аднаму памагалі, і адно аднаго ведалі, разумелі, вось акурат як мы з табой разумеем адзін аднаго. Дык от знайшоўся нейкі зласлівец, нячыстая душа ці як яго лепш ці горш назваць, ды і пасварыў чалавека са зверам. Хто каго зрабіў вінаватым, сказаць не магу, але ж нездарма са злосці мы гаворым: «Не чалавек, а звер...» Няўжо так моцна ўзлаваліся звяры, што сталі такімі лютымі? І няўжо праз нас?