Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 90

Анатоль Бароўскі

Але аднойчы яму няйначай памог лясны Бог — паслаў Вікцю на сцежкі яго абходу. Яна ішла няспешна насустрач, у руках несла гладышку з ажынамі. Сам жа трымаў пучок травы, як букецік кветак падрыхтаваў для яе.

Яна акругліла еочы ад здзіўлення, што бачыць яго, але ў позірку непрыхаваная радасць. Павіталася першай, рассмяялася нечага, ажыны да грудзей прыціснула.

— Што гэта за кветкі ў цябе, Косцік, мо каго на спатканне тут чакаеш?

Яе голас у лясной цішы прагучэў пяшчотнай мелодыяй. У вуснах, налітых і сакаўных, як у маладзёнкі, блукала патаемная ўсмешка.

— А мо і чакаю. Даўно чакаю, ды сустрэць не магу.

— Прыгожыя.

— Прыгожыя, ды пахнуць не вельмі.

Гэтымі зёлкамі, якія цвілі дробненькімі блакітнымі кветкамі, ратаваўся ён ад сваёй хваробы, што чаплялася раптоўна да яго — параіў Ладуцька.

— То ж трава Кахання, Косцік, — яна зноў пасміхалася, схіліўшы галаву, як дакарала ўсё роўна яго, што не ведае такіх простых рэчаў. — Няўжо не ведаеш? А яшчэ ляснік. — Яна паправіла пад светлай касынкай косы, прыхінулася да бярозы. — Кажуць, што дзяўчаты хлопцам падмешваюць у гарэлку.

— Навошта?

— Каб абраны не разлюбіў, каб кахаў вечна. Апоіць яго зёлкамі — і шчаслівая ўсё жыццё.

— А як сама разлюбіць?

— І такое здараецца, — уздыхнула Любі-трава і тут жа нахмурылася.

— Сама-то ты даўно апаіла мяне гэтымі зёлкамі, — ён усё не адрываў ад яе позірку, адчуваў, як разгараўся ў грудзях шчакотліва-салодкі боль. — Эх, Любі-трава, Вікця-Вікторыя, што нарабіла — няўжо і сама не разумееш?..

Маўчыць Вікця, не ведае, што сказаць, як паспавядацца перад Косцікам, даўно рыхтавалася да сустрэчы з ім, а вось пабачыліся, і разгубілася... Пераміналася з нагі на нагу, пад гумовымі чырвонымі боцікамі чвякала ў імху вада — не высахла пасля апошніх дажджоў. Жанчына кусала вусны, пачала баяцца далейшай размовы...

Выйшла з лясных нетрыскаў прыгажуня-лесавуха і выпрабоўвала на лесніку свае чары. А ён ніяк не мог паверыць у тое, што бачыць яе, што яны адны ў лесе. І не вытрымаў, падышоў да яе, маўкліва сціснуў у сваіх абдымках. З рукі выслізнуў гладыш, упаў у мяккі мох — стаў на дно, і ажыны не рассыпаліся... Адчуў гарачыню Вікціных шчок — аж апякалі. Такія ж гарача-пякельныя былі і вусны.

— Косцічак, людзі ж убачаць...

— Тут толькі звяры і птушкі. А яны за мяне. Не выдадуць.

— Жартуеш усё, усё жыццё жартуеш.

— А мне і застаецца жартаваць, даўно б памёр ад таго, што ўтварыла.

— Не вінаватая я — дурная была. А ты так лёгка аддаў мяне.

Любі-трава паклала галаву на грудзі, уздыхнула, адчула нейкую палёгку, гнятлівы цяжар упаў з душы. А яму ўсё не верылася, што яна ў яго абдымках, што дыхае ў шыю, наліваецца пяшчотаю і жаданнем...

Недзе ў вершаліне дзяцел адбіў марзянку, перастаў, зноў зашчыраваў.

— Прыйдзі і заўтра сюды — чакаць буду. Тут леснічоўка непадалёк, схаваемся.

— Не ведаю, любы. Куды нам любошчы разводзіць у такія гады. Убачыць хто — сораму не абярэшся.

— То наша ўсё, які тут сорам? Многае ад нас украдзена. Хто верне — людзі?

Яна абняла за шыю, прытулілася шчакой.

— Позна, ой як позна. А жыццё прайшло-праляцела. Кастусёк, а жыла я ўвесь час у чаканні, што вось-вось нешта павінна змяніцца, што ты ўкрадзеш мяне і звязеш на край свету...