Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 9

Анатоль Бароўскі

Ад пачутага прозвішча ў яго перакрывіўся злёгку твар, як зуб забалеў усё роўна. Але раз прызначыў, то трэба прыняць. Напачатку думаў, што абрадуе ветэрана, але цяпер...

— Дзякую, Таццяна Паўлаўна.

Дзверы зачыніліся. У кабінеце стала зноў ціха, толькі з вуліцы даносіўся праз шыбы лёгкі шум машын і людской гаманы — акно выходзіла на тлумную вуліцу.

На душы паспакайнела. Ганчарэнка адгарнуў папку чакалі подпісу паперы. Асабліва не ўнікаючы ў іх сутнасць, толькі кідаў позірк па дыяганалі, здагадваючыся пра сэнс, машынальна ставіў закаручку.

Фядосу — сорак гадоў. Па знешнім выглядзе і не скажаш, што яму столькі. Выглядаў значна маладзей.

У жыцці яму многае ўдавалася. Скончыў інстытут. Прапанавалі працаваць у гаркоме камсамола. Пачынаў з інструктара. Потым стаў першым сакратаром. З першага запрасілі працаваць у выканком — намеснікам. Потым у гаркоме партыі загадваў аддзелам прапаганды і агітацыі. Адтуль «кінулі» зноў назад, але ўжо мэрам города.

І ў гаркоме камсамола, і ў выканкоме ён стараўся працаваць так, каб звярнуць на сябе ўвагу. У дакладах абкома, а то і цэкоўскіх, успаміналі яго прозвішча як аднаго з ініцыятыўных камсамольскіх работнікаў. Ініцыятыва тая была ў адным кірунку. Калі былі праверкі, то гаркомаўскі легкавік часта ездзіў па адным маршруце — да лучыны Прыпяці, дзе чакалі пахкія шашлыкі і скрынка з гарэлкай і халодным півам. Лёд для ахалоджвання быў закапаны ў зямлі.

Даведкі для правяраючых пасля такіх сяброўскіх сустрэч пісаў ужо сам Фядос.

І ў выканкоме той жа стыль спатрэбіўся. Правяраючыя з рэспублікі ці Масквы ніколі не адмаўляліся, калі ў багажнік «Волгі», якая везла госця ў аэрапорт, ставілі сумкі з пахкім правіянтам і каньякамі, паляшуцкія прысмакі. Пасля гэтага нечая скарга, з-за якой і прыязджаў правяраючы, спісвалася, «предавалась забвению...».

Верка... Светлым успамінам не-не ды і прыходзіла ў яго памяць чарнавокая дзяўчына. Працавала яна сакратаром па школах. Вясёлая, з агністымі вачыма, яна сваёй энергіяй зараджала іншых, працавала без стомы Была вялікай выдумшчыцай і неяк непрыкметна само сабой, пранізала яго сэрца. І не ведаў, што сам даўно пасяліўся ў яе душы... У адзін з такіх" вечароў-выездаў ў прыпяцкія абалоны, калі сядзелі на беразе ракі пасля смачнай юшкі і выпітага віна, пацягнуў за сабою узяўшы яе за руку...

Верка, як зачараваная, пайшла за ім. Не задумваюся, не дакарала сябе ні ў чым.

І была яшчэ адна сустрэча, і другая, і трэцяя

Аднойчы зайшла да яго ў кабінет, села на крэсла нясмела прашаптала:

— Фядоска, а ў нас дзіця будзе...

Ён, здаецца, спалатнеў ад пачутага. Разгубіўся, не ведаў, што рабіць — перасохла ў горле.

— Як, як гэта будзе? Я ж, здаецца...

— І сама не ведаю. Але ўжо тры месяцы ў мяне няма...

Ён сашчаміў пальцы на стале. Зморшчыў лоб. Ліхаманкава абдумваў, як перамяніць усё ў лепшы бок.

— Да ўрачоў хадзіла?

— Да ўрачоў? Навошта? — не зразумела, паглядаючы на яго.

— А... ну, правільна, — спахапіўся, баючыся, каб не напалохаць яе сваёй прапановай. — Я меў на ўвазе, каб пераканацца, мо яно ўсё і не так, што ты дарэмна хвалюешся.