Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 10

Анатоль Бароўскі

Яна горка ўсміхнулася, паправіла пасмачку кос ля вуха, адкінула іх.

— Ды тут і без дактароў зразумела.

— Мг... — няўцямна прамовіў Фядос і ўсё не падымаўся, хаця было жаданне сесці побач, прытуліць да сябе, супакоіць. Адчуваў, што каханне да яе не прапала.

— Што рабіць, Фядос? Парай.

Зазваніў тэлефон. Фядос трубкі не падымаў.

— Вечарам усё абмяркуем, Верка. Добра? Пасля работы едзь да нашага дуба. Будзем думаць. Нешта ж прыдумаем. Не хвалюйся. Добра?

Яна хітнула галавой, выйшла з кабінета.

Ганчарэнка адарваўся ад сваіх думак, зноў узяўся за паперы. Адзін аркуш паперы прымусіў уважліва ўчытацца ў сэнс — пісьмо было з цэнтральнай газеты, ён адразу ўспомніў зморшчаны твар жанчыны — Палагеі Піліпаўны ці то Цітаўны. Прыходзіла да яго на прыём. Можа, яно і сапраўды так было, як яна расказвала пра той канцлагер, у якім яна была і падвяргалася нечалавечым здзекам. Але ж дакументаў пра тое ніхто ёй не выдаваў. Пра яе напісаў журналіст. Але як яна дакажа, што яна была ў фашысцкім лагеры? Што была медсястрой батальёна, тое ўстанавіць лёгка. А вось што папала ў палон і...

Газета прыслала па выканком пісьмо, каб ён, старшыня, прыняў якое рашэнне і аблегчыў жыццё жанчыне. А ёй трэба жытло. Бо жыве ў сутарэнні, дзе ніякіх выгод, Дзе, па яе словах, спаць не даюць пацукі — ноччу бегаюць па ёй. Краты паелі ў сцёпцы бульбу. Л пенсіі ніякай, цяжка жыць.

Фядос памятае, жанчына тады, як была у кабінеце, доўга не гаварыла. Вільготнымі вачыма глядзела на яго і ўмольна папыталася:

— Ды як жа яно будзе, старшынька, га? Не магу я там больш жыць. Памру я там...

На прыём прыходзілі розныя людзі. Лілі справядлівыя і прытворныя слёзы. Так што ён прывык да ўсяго. І амаль не рэагаваў ні на што. І тады ж, гледзячы на жанчыну, не варухнулася ў яго душы ніводная жылка, не ўздрыгнула, не сціснулі спазмы...

Вочы ў яе празрыстыя, светлыя. Як вясновы лёд. А вось твар, рукі і ўсё цела былі ў нейкіх язвах-струпах. Яны даўно зажылі, і засталіся сляды. Пісаў журналіст, яму, Фядосу, яна не расказвала пра тое, што фашысцкія каты выпрабоўвалі на ён і іншых жанчынах нейкае хімічнае ці то лякарства, ці то зброю... Яна курчылася тыднямі ад болю на нарах дваццаць першага барака канцлагера Лімбург. Маліла Бога, каб забраў да сябе яе скалечанае цела і душу...

Ён паціснуў плячыма, адвёў позірк:

— Не магу я вам сказаць нічога пэўнага. У парадку обшчай вочарадзі.

Жанчына пасунулася да дзвярэй, не азірнулася, не ўздыхнула расчаравана. Яе просценькі шэры касцюм сведчыў пра тое, што яна ніколі не глядзела сябе, нікому не скардзілася на сваё жыццё.

«Ну, гэтыя пісакі, — падумаў са злосцю пра таго журналіста Крушню, што прыязджаў з Мінска, — напісалі суседзі жанчыны, бачачы, як мучыцца бедалага, папрасілі заступіцца. Бо не было ў тае ні родзічаў, ні блізкіх людзей. — З мухі слана злепяць. Не хапала яшчэ, каб мяне ўспаміналі ў прэсе, расказвалі аб маёй бяздушнасці. Пасядзеў бы ён на маім месцы, пабачыў бы я, якую ён праявіў бы чалавечнасць. Пісаць лягчэй, чым... Шкада яму стала, бачце, жанчыну, якая перанесла столькі пакут. Быццам мне не шкада. Ды былі б у мяне тыя кватэры, я даў бы ўсім, нікога не абышоў бы А дзе іх браць, тыя кватэры?..»