Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 11

Анатоль Бароўскі

Ну, цяпер прыйдзецца адпісвацца, хадзіць да жанчыны, цікавіцца, як яна жыве. І паставіць на льготную чаргу. А ці дажыве яна да таго часу, калі падыдзе яна чарга.

Дзверы адчыніліся, і на парозе стаў намеснік — Алег Пятровіч. Трымаў у руках паперы, позірк запытальны — ці не перашкодзіў? Валасы кучаравыя стажком на галаве, белая кашуля і з тоўстым вузлом гальштук. Алег Пятровіч і не так даўно ў намесніках, яшчэ не прывык да традыцый і ўзаемаадносін у такой установе. Перад тым працаваў завучам у сярэдняй школе. Потым інструктарам аддзела прапаганды ў гаркоме партыі. Першы сакратар Малатзеў убачыў у ім перспектыўнага работніка.

— Заходзь, Алег Пятровіч. Што ў цябе? — Ганчарэнка загарнуў папку, адклаў убок. — Зноў з кляўзамі?

— Ды не, тут іншае. Мастак Пушкарчук прапаноўвае адкрыць музей народнай творчасці ў яго майстэрні. Вы ж памятаеце, там жылі дзве сям'і, а потым аддалі пад майстэрню, ён хоча і другую хату прыстасаваць пад музей.

— Зноў Пушкарчук. І хапае яму ахвоты лезці ва ўсе дзіркі. То з Антонам Зялёнкам насіўся як з пісанай торбай — таленавіты, пра яго скора загавораць, — а тут з новай носіцца ідэяй. І часу хапае ў яго на ўсё.

— Не, Рыгоравіч, мне думаецца, што гэтая справа цікавая. У рэспубліцы такога няма, а ў нас будзе. І затрат амаль ніякіх не трэба — святло, рамонт, тэлефон ды нейкія дробязі.

Старшыня выканкома на момант задумаўся, пацёр падбароддзе — а што, можа, намеснік і мае рацыю? Няхай будзе добрая навінка ў горадзе. Каб тыя пісакі бачылі не толькі кепскае, а і...

— Ну добра, абмяркуем гэтае пытанне пазней. Падумаем, мо і сапраўды трэба прыслужацца да прапановы. Далей што?

— З будаўніцтвам школы не ўсё выходзіць. Падрадчык і субпадрадчык не могуць ніяк дамовіцца, хто будзе займацца добраўпарадкаваннем.

— З гэтым разбяромся. Усё?

Алег Пятровіч падаў паперку:

— Тут пра хабар.

— Пра які хабар? — нахмурыўся Фядос Рыгоравіч, адчуў, як нешта халоднае пашылася да левага бока — але тут жа ўзяў сябе ў рукі.

— Ананімка. Нехта піша, што генеральны дырэктар дрэваапрацоўчага аб'яднання за хабар дае кватэры. Быццам хапнуў ужо не адну тысячу.

«Во і ёсць зачэпка, — абрадаваўся Фядос, але выгляду не падаў, — цяпер патанцуеш, таварыш генеральны...»

— Абдзяліў, значыць, некага, — уздыхнуў Ганчарэнка, быццам паказваў незадаволенасць да ананімшчыкаў — здзекуюцца з добрых людзей, паглядзеў стомлена на Алега Пятровіча. — Але ж трэба даваць ход. Будзем думаць... Усё на гэтым? Дзякую.

Намеснік прычыніў за сабою дзверы, а гаспадар кабінета перавёў дыханне, пагладзіў далонню левы бок, адчуў, што ўзмакрэў. Ад хвалявання? Адкуль яно магло ўзяцца? Справа мінулая, сведкаў жа няма...

Стаяў на чарзе цырульнік Сямён Леплер. Перад гэтым развёўся з жонкаю. А сам удзельнік баёў за Ленінград. І ваяваў усяго месяцы тры, а вось запіс у кніжцы чырвонаармейца застаўся, і нікуды тут не падзенешся. Развёўся, значыць, развёўся — нічога не паробіш. Хату і ўсю маёмасць пакінуў жонцы і дачцэ, якія засталіся там жыць. А сам стаў на чаргу на атрыманне кватэры — на льготную, на ветэранскую, прадставіўшы паперы аб разводзе, даведкі, што жыў адзін на кватэры...