Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 8

Анатоль Бароўскі

— Так, доўга гаварыць не будзем. Есць просьба — гарвыканкому неабходна адна, усяго адна кватэра! — старшыня сказаў галоўныя словы і зноў паглядзеў па акно — чакаў, што адкажа цяпер дырэктар.

У трубцы зноў чулася маўчанне: пяць, дзесяць секунд... Ганчарэнка не падганяў, таксама маўчаў. Выпрабоўваў нервы Шылко. Верыў, што зломіць яго.

— Не магу, — пачуўся глухі адказ.

— А падумаўшы, Пётр Лаўрэнцьевіч? — пытанне было ўжо з'едлівым, з падколам, бо чуўся і працяг яго: «Падумай, бо могуць быць вялі-ікія непрыемнасці...»

— І падумаўшы, Фядос Рыгоравіч, не магу. Хоць павееце. Усё ўжо зацверджана. Людзі ведаюць, каму што будзе выдзелена. Ужо і мэблю заказалі сабе, грошы ўнеслі. Што хочаце рабіце, я не магу.

Старшыня гарвыканкома занерваваў, зноў пакусаў губы. Адчуў, што не паддаўся Шылко. На другім канцы провада было зацятае маўчанне.

— Ну што ж, нельга, значыць, нельга, — стражэйшым голасам канстатаваў Фядос Рыгоравіч, вельмі незадаволены вынікам размовы. — Тады — да сустрэчы.

— Усяго добрага.

Трубка апусцілася на месца.

«Нездарма ён так гаварыў са мною, — падумаў Ганчарэнка, — значыць, адчуў падтрымку ў гаркоме партыі. Цяпер яго голымі рукамі не возьмеш. Трэба было неяк інакш з ім пагаварыць, праявіць дыпламатыю і хітрасць. Але нічога, адпраўлю на цябе харошанькую ананімачку, вось тады пабачым, як ты затанцуеш. А перад табой, ветэран Арэшка, усё роўна сумленне будзе чыстае. Бач, я стараўся, пераконваў, хацеў прабіць табе жытло, а яно вунь як павярнулася... Але ж я не магу пакрыўдзіць і страхавога агента, ад яе ў многім залежыць і працаздольнасць самога старшыні гарвыканкома — сілкуе яна душэўную сілу, дае бадзёрасць і унутраны настрой».

Успомніў пра яе, і рука міжволі пацягнулася да тэлефона. Пальцы самі па сабе, без удзелу намяці, набралі адну двойку і астатнія тройкі. Лёгкі тэлефон, і запамінаць не трэба.

— Алё, я слухаю вас, — пачуўся у трубцы дзелавы голас.

— То я, Ніна, як ты там?

Голас адразу перамяніўся, наліўся пяшчотай:

— Здаецца, усё добра. Па табе сумую. А ў цябе?

— Гэтаксама. Пад вечар пазваню?

— Ага. Цалую, дарагі...

У кутку, ля дзвярэй, падаў голас стары нямецкі трафейны гадзіннік — прашамкаў дзевяць гадзін.

У гэты ж час адчыніліся дзверы, на парозе стала сакратарка ў белай кофце і шэрай спадніцы — нязменным сваім уборы, — слухала, што скажа старшыня. Але перад гэтым павіталася, паправіла прычоску — высокі начос.

Яму ўспомнілася, як Ніна не раз пасміхалася з тае прычоскі, рагатала: «Цікава, а колькі кілаграмаў важыць яе стог?»

— Добрай раніцы, Таццяна Паўлаўна, — прыўзняўся мэр, устаў з-за стала. — Што ў нас сёння?

Жанчына разгарнула чырвоную вялікую папку, нагадала:

— У дзесяць — бюро. Пасля абеду — выканком. Рэдакцыі трэба даць неадкладна адказ. Прыязджае пісьменнік з часопіса — будзе пісаць пра забудову горада. Ну і іншае — адкрыццё магазіна, прызначылі прыём ветэрана вайны Арэшкі...