Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 6

Анатоль Бароўскі

— Заходзь, отрак, — робіць боскі жэст Пушкарчук, прапускае мяне наперад і падае адначасна паперку: — То табе тэлеграма і пропуск у гэтую хату. Тут цяпер строга — толькі па пропусках.

Чытаю і нічога не разумею: «Рашэннем Маз... гарвыканкома ад 12 мая 1987 года мастаку Антону Мікалаевічу Зялёнку выдзяляецца асобная майстэрня агульнай плошчай...»

— Што сіе азначае?

— А тое, што ты, Антон, тут гаспадар. Пусціш мяне да сябе?

Нешта кальнула ў скроні, зазвінела ўвушшу. Ватнымі нагамі я пераступаю парог і заходжу ў прасторны светлы пакой. У ім нічога няма, чуваць толькі пах фарбы, а пасярэдзіне залы заўважаю столік. А на ім блішчыць золатам пляшка шампанскага. Карабок цукерак побач.

Толькі потым я заўважаю каля акна яе, Наташку...

У адзін міг і столькі нечаканасцей.

Ці пад сілу вытрымаць такое?

Я не вітаюся чамусьці з дзяўчынаю, гляджу на сцены, на падлогу. Потым пераводжу позірк за акно, туды, дзе цячэ Прыпяць, дзе шызая смуга абвалоквае раку — і нічога не бачу. Даўно звыкнуўся з думкай, што страціў Наташу. Апошні тэлефонны званок і яе ціхае «Не звані мне больш...» рашылі ўсё. Я стрываў боль, адпакутаваў (усё паўтарылася, як і некалі з Галінкай), знайшоў у сабе сілы адсекчы ўсё ад сябе і пахаваць у памяці. А тут зноў яна? Навошта? Радавацца мне ці...

Дзяўчына падыходзіць да мяне і кладзе рукі на плечы. Датыкаецца косамі да вуха:

— Што з табой, Антось? Ты не рады майму прыходу?

Дотык яе гарачых рук да шчакі вяртаюць мяне да явы. Пах незразумелых духоў вяртаюць мяне да свядомасці — то яна, канечне ж, яна. Я гляджу то на Пушкарчука, то на яе, не вытрымліваю і крычу:

— Я не хачу больш спаць. Разбудзіце мяне!

Ён рагоча. Наташка прыціскаецца да мяне, і я нараджаюся зноўку — адчуваю, як сэрца пачынае гулка адбіваць удары.

Я адкаркоўваю пляшку, страляю коркам у столь, і наліваю пеністае пітво ў крышталёвыя фужэры. Здаецца, ніколі я не піў такога смачнага напітку.

— Я шчаслівы, што ў мяне ёсць вы, — шапчу я і раблю глыток, адчуваю, як вяртаюцца сілы, настрой, вера ва ўсё добрае і шчаснае.

Як хораша, што ў мяне ёсць такія сябры!

Накіды на загрунтаваным палатне я выканаў хутка. Як даўно рыхтаваўся да гэтага. Я вельмі добра памятаў твар Айца, і даваўся ён мне лёгка. Пэндзаль вылучаў кожны сівы валасок яго шыкоўнай барады, кожную маршчынку і воспінку на твары. А пра вочы і гаварыць не было чаго — нраменьчыкі-іскрынкі, такія добрыя і ўважлівыя, мудрыя ў сваёй прастаце.

У нечым Ойча падобны і на нашага дзеда Міхася, старажыла вёскі. Дзеда ўжо даўно няма, памёр, як мне было гадоў сем. Але тыя вочы, дзіцячыя і ўражлівыя, запомніліся да драбніц.

І я маляваў цяпер абодвух — Айца і дзеда Міхася. Стараўся, каб яны былі падобныя адзін да аднаго. Не забыўся накідаць абрысы і месячыка, што праплываў паўз нас, і пугу-маланку... Для чаго маляваў, не ведаў. Лепш за вялікіх майстроў Іванава і Веласкеса зрабіць, безумоўна, я не мог. Але ж цягнула невядомае і неадольнае жаданне напісаць Божаньку — Божаньку-мудраца, Божаньку-прарока. Жартаўніка і простага зямнога чалавека.