Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 61

Анатоль Бароўскі

15.

— Вось жыў чалавек — і няма яго, — пахмурнее Пушкарчук, гледзячы на свежую магілу. — Як жыў — кепска, добра, але жыў, нешта стараўся зрабіць. Нешта ўдавалася, а нешта і не. Так і ў кожнага з нас...

Наташа плача, усхліпвае, да вачэй прыціскае мокрыя кулачкі. Яе падтрымлівае Валер Арлоў, туліць да пляча. Ведае, што ёй не памогуць ніякія словы, і таму маўчыць — і ў яго ад болю сціскаецца сэрца.

Паўз іх маўкліва прайшла жанчына з белымі косамі. У яе заплаканыя вочы. На галаве чорная празрыстая касынка. Мікола прыгледзеўся да яе — не пазнаваў. Не ведаў, хто яна і кім даводзілася нябожчыку.

Жанчына паклала на магілу тры яловыя галінкі з шышкамі.

Ніхто такога не клаў, а тут... Яна пастаяла некалькі хвілін, паглядзела на бацькоў Антона, якія сядзелі каля магілы, мельгам зірканула на Пушкарчука, Наташу і Валеру. Падышла да Міколы, мерылася нешта сказаць — і не сказала, душылі слёзы.

Яна паварочваецца і хутка-хутка ідзе ад іх, схіліўшы галаву.

— Ён так многа хацеў зрабіць, — шэпча Наташа і ўпіраецца галавой у плячо Арлова.

— Ведаю, ён мне расказваў. Дзяліўся сваімі планамі, — ён туліць да сябе дзяўчыну, супакойвае.

Яны пакідаюць могілкі і ідуць да Пушкарчука: Валер вельмі хацеў паглядзець тое, што здымаў Антон.

Наташа пайшла з імі, але глядзець адмовілася. Сядзела ў калідорчыку, скрушна маўчала...

Праз дзень дзед сеў на самалёт і праз дзве гадзіны сышоў на Унукаўскім аэрадроме. Папытаўся ў міліцыянера, як даехаць да міністэрства культуры і праз пэўны час даехаў да высокага шэрага будынка.

У патрэбны аддзел ён дабіўся не скора — больш чакаў, чым ляцеў на самалёце.

— Што вам, паважаны таварыш, трэба? — запытаўся чалавек у акулярах, з кароткай падстрыжанай бародкай — сівенькай-сівенькай, хаця яму і было ледзь за сорак. — З чым прыляцелі да нас?

— Слайды хачу паказаць.

— Якія слайды? — бровы ў чалавека выгнуліся, потым зноў апусціліся над уважлівымі вачыма.

— З сабою прывёз. Здымалі ў падзямеллі. Сябра мой здымаў — Антон Зялёнка. Пахавалі яго заўчора. Можа, зацікавіць вас тое мастацтва, якое мы ўбачылі. У вас ёсць зала, дзе можна праглядзець іх?

— А як жа. Слайды ў вас? Давайце.

— Не. Ні ў чые рукі я іх не дам. Буду сам ля апарата.

— Не давяраеце? — заўсміхаўся чалавек, хмыкнуў пад нос, потым пазваніў па тэлефоне. — Віктар Герасімавіч, Бажкоў турбуе. Падрыхтуй, калі ласка, залу. Будзем глядзець слайды. Не, мастак сам будзе паказваць...

Па дарозе Бажкоў стукаў у дзверы, пытаўся, ці не жадае хто паглядзець унікальныя слайды з Палесся.

Назбіралася чалавек з трыццаць. Расселіся, чакалі, перагаворваліся.

— Будзеце самі каменціраваць? — пацікавіўся Бажкоў у палешука.

— Збольшага. А мо і разам з вамі. Бо не ведаю, што на слайдах?

— Як гэта — не ведаеце?

Успыхнула святло, шчоўкнуў апарат, і на вялізным экране паказалася дрыгавічанка ў кайданах. Па зале пракаціўся жахлівы ўздых.

— Што гэта?

— «Грот закаханых» караля Сігізмунда. І «Суцяшальнік» гэты там знайшлі, але не вынеслі з сабой.

Новы кадр, яшчэ... Жахлівае відовішча прымушала сціснуцца сэрцы. У зале стаяла напятая цішыня. Ніхто больш не пытаўся, не ўдакладняў.