Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 60

Анатоль Бароўскі

— Добры верш. То пра мяне. Пра Наташу прачытай...

Ля нашых ног раўчук булькоча. Сказаць табе ён нешта хоча — І не ўмее...

Ён, пэўна, ад красы тваёй Нямее.

Вершы нараджаліся экспромтам. У такт рытму Арлоў пачаў махаць рукой — атрымліваўся нейкі марш. Пад гукі Марша ажывалі ногі, і ім карцела ступіць на зямлю. Паэт і не заўважыў, як ён хадзіў па пакоі, махаў рукамі і не звяртаў на Антона ўвагі. Не чуў, як спалохана пырхнуў з пляча Чыр і заляцеў на падваконнік. Словы тасаваліся адно да аднаго, знітоўваліся ў радкі, уражвалі хуткасцю свайго з'яўлення.

Да сябе склікаю я ў хату Усіх пакрыўджаных і святых...

Ён скончыў чытаць. Хацеў крутануць рукой кола сваёй каляскі — і не знайшоў яго. Пахіснуўся, шукаючы апірышча, каб не ўпасці. Убачыў, што стаіць на зямлі, цвёрда ходзіць па падлозе — ён нават прытупнуў, каб пераканацца што на нагах. І — закрычаў. Ад радасці і страху закрычаў:

— Антон!.. Чыр! Я хаджу. Я стаю. Я магу бегаць і хадзіць. Антон, я цяпер прабягу па тым лузе, які ты мне дакляраваў! Прабягу!

Чыр напалохаўся яго крыку. Ён ніколі не чуў ад яго такіх радасных воклічаў і таму, не зразумеўшы, паляцеў у сад. Схаваўся ў густым голлі яблынь.

Валер здурнеў ад шчасця. Не верыў у яго. Нахіліўся над Антонам:

— Антон! Я хаджу! Я буду бегаць!

Рука ў мастака была халодная і нежыццёвая. Вочы не міргалі — глядзелі безуважна ў столь. На твары не было той пакутлівасці, што выпірала перад гэтым — твар свяціўся таямнічай і прыгожай чысцінёй, якая бывае толькі ў харошага чалавека, які пражыў жыццё, творачы толькі добрае, — па законах залатога правіла.

— Антон, што з табой?! — закрычаў паэт, абдымаючы сябра. — Ачніся, што здарылася?

Ён прыхінуў вуха да грудзей — сэрца не білася.

Паэт закрыў мастаку вочы і апусціўся перад ім на калені.

А потым як што падкінула яго з падлогі — выскачыў у сенцы, прабег двор, адчыніў брамку і пабег па вуліцы. Яго праводзілі здзіўленымі позіркамі суседзі. Бабка Агрыпіна перахрысцілася, гледзячы ўслед.

Тэлефонаў-аўтаматаў паблізу не было, толькі ў Палацы культуры. І ён, не раздумваючы, накіраваўся туды, пабег на другі паверх...

Здзіўленая прыгажуня Марына адхіснулася ад яго, хаваючы ў пялюшках соннае немаўля.

— Тэлефон! Тэлефон дзе ў вас? — прахрыпеў ён, аж забалела горла. — Дзе?!

— Ды вось ён перад табой, — апамяталася жанчына, спалохана гледзячы на яго.

Ён ліхаманкава набраў «02» і сказаў, што ў яго хаце памёр чалавек.

Потым пазваніў у майстэрню Пушкарчуку.

— Мікалай Мікітавіч, у мяне бяда. У нас бяда. Зялёнка памёр. У мяне ў хаце. Прыязджайце, я...

— Ты адкуль звоніш? — пачуўся здзіўлены голас у трубцы.

— З Палаца культуры. Ад Марыны.

— Як ты там апынуўся, Валер?

— Я хаджу, Мікалай Мікітавіч. Не ведаю сам, як тое адбылося.

Хлопец плакаў. Слёзы капалі па нейкія паперы, што ляжалі на стале. Марына наліла ў шклянку з графіна вады, падала яму:

— Папі, Валерка, супакойся... Прысядзь, тут ужо нічога не паробіш.

— Насядзеўся я, Марынка, ой як доўга насядзеўся. Ці не праседзеў я самае дарагое ў жыцці?

І ён успомніў, што не сказаў пра гора галоўнаму чалавеку. ён набраў нумар Наташы.