Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 63

Анатоль Бароўскі

Але Мікола чамусьці ўпарціўся. Быў не ў гуморы ды і шкадаваў, што растрындзеў усяму свету — не параіўся нават з Наташай і Арловым.

— Не і не, толькі паслязаўтра. І толькі раніцай, каб і людзей туды не прывабліваць. Рыхтуйце свае пражэктары, кабелі, шукайце электрыкаў...

Бажкоў абвяў, як бульба ў спёку. Барадач спытаў, што рабіць у такім выпадку. На што ён вяла махнуў рукой — у гасцініцу едзьце, размяшчайцеся, чакайце ўказанняў...

Барадач, у чырвонай замшавай куртачцы, мітусіўся па двары, як тарэадор, а тут рэціраваўся, крыкнуў:

— Гвардыя, па конях! Усім у гасцініцу. Заўтра здымаем палескія пейзажы, палескі нафтагігант — заказ прамысловага аддзела. Фальклорны ансамбль лельчыцкіх спявачак... Потым — карцінную галерэю ў Крынічным. Грот здымаем паслязаўтра. Усё, грузіцеся!

— Ёсць грузіцца! — весела адказалі хлопцы ў расхлістаных балонневых куртках з замежнымі надпісамі. Яны былі радыя, што вечар у іх будзе свабодны, а вечар яны знойдуць чым убіць — півавары горада славіліся на ўсю краіну.

Раніцай, на трэці дзень...

Здымачная група пад'ехала да гары, куды паказаў Пушкарчук. Было намечана спусціцца ў падзямелле з некалькімі юпітэрамі. Падключыліся кабелямі да электрастанцыі. Усё было прадугледжана да драбніц — сталічныя тэлевізійнікі былі сапраўдныя зухі. Падлічылі, колькі трэба кабелю — якой даўжыні, дзе што будзе размешчана і адкуль будуць здымаць. Яшчэ ў Маскве ў Міколы распыталі падрабязна, дзе што знаходзіцца, якая адлегласць, колькі прыступак...

З хваляваннем назірала за падрыхтоўкай Наташа.

Трымалася за руку Арлова, шаптала яму:

— Я нечага баюся, Валерка.

— Чаго? Ты ж спускалася туды, чаго баяцца?

— Мне тое хіхіканне помніцца. Тады я не надала значэння. А цяпер адчуваю сябе блага — прадчуванне мяне нейкае мучыць. І Пушкарчук нешта не ў сабе — не пазнаць яго. Мусіць, і сам не рады, што закруціў такое. Па вачах бачу, што шкадуе...

— Цяпер позна ўжо адступаць. Ды і часопіс такую рэкламу даў. Добра, што хоць не ўказалі, у якім горадзе. Рынуліся б сюды дзівакі і шукальнікі скарбаў. А там жа, як ты сказала, шмат золата.

— Вельмі шмат — цэлая вялізная скрыня.

Дзед і Наташа вялі тэлевізійнікаў знаёмай дарогай. Прасунуліся ў адну разломіну, разгрэблі друз і праціснуліся ў другую. Доўга мучыўся барадач — ніяк не мог прасунуць сваё чэрава: прыйшлося кіркай для яго спецыяльна разбіваць шырэй. Смяяліся масквічы, рагатаў Пушкарчук, раіў займацца фізкультурай, а не жлукціць піва.

Вось і першае падзямелле. Мікола лёгка адшукаў тую камянюку, з якой і пачалося ўсё. Паспрабаваў кіркай падварушыць яе — не краталася з месца. Як і не высоўвалася ніколі і была злітая з астатнімі.

«Што за д'ябал, — не разумеў дзед, пачынаў злавацца на сваё няўмецтва, — мо не той камень чапаю?»

Прыгледзеўся яшчэ раз, папрасіў добра падсвяціць. Не, памылкі не было — на камяні паўчалавечы-паўзвярыны твар. Здалося толькі, што быў высунуты язык — як дражніўся.

Зноў удар кіркай — яшчэ і яшчэ...

Наташа ўздрыгнула — толькі цяпер заўважыла побач з дзедам Баброва. Праз плячо, як заўсёды, у яго вісела чорная сумка. Прарваўся, значыць, зрабіць свой сенсацыйны рэпартаж хоча. Яна шчыльней прытулілася да Арлова — як быццам баялася, што адна палавінка можа адлучыцца і стаць поруч з ім, Бабровым...