Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 58

Анатоль Бароўскі

Антон засмяяўся, зноў пачаў хадзіць па пакоі. А перад вачыма чамусьці паўставалі тыя каляровыя фрэскі, што адбіліся на слайдах. Дзед закрыўся ў сваёй майстэрні і начамі капіраваў сюжэты царкоўнага жыцця. У руках святога прарока Мазырскага была Біблія. Можа, яна і была адгорнута на той старонцы, дзе было залатое правіла — рабі толькі добрае людзям?

— Аналіз зместу залатога правіла з'яўляецца адной з прыкметных тэм у гісторыі этычнай думкі, — працягваў далей Валер. — У антычнай этыцы можна сустрэць часта разважанні па пытаннях, якія па сваёй існасці вельмі блізкія да правіла, пра якое мы гаворым — хаця б, напрыклад, вядомыя разважанні Дэмакрыта, Сакрата, Платона пра тое, што лепей выкарыстаць несправядлівасць, чым здзейсніць яе. Га, як гучыць? — у шэрых вачах паэта гараць цікаўныя агеньчыкі, у голасе цікавасць да тэмы, якую распачалі, якую так уважліва вядзе мастак. — Аднак само па сабе гэтае правіла ў старажытнай этыцы ўпамінаецца рэдка і заўсёды як патрабаванне жыцейскай маралі, але не ў якасці этычнага прынцыпу. Не буду падрабязна раскрываць выказванне Фалеса, але выклікае цікавасць адно месца з «пісем да Луцылія» Сенекі, дзе ён гаворыць аб кароткіх ісцінах, якія тым не менш западаюць назаўсёды ў душу: «Што ты другім, таго ж ад іх ты чакай». Можна спаслацца і на Эпіктэта: «Чаго не жадаеш сабе, не жадай іншым: табе не падабаецца быць рабом, не гані і іншых у рабства».

— Слушна.

— Ну а пазней малюнак мяняецца. Аўгусцін, «бацька царквы», робіць спробу ўключыць залатое правіла ў сістэму сваіх поглядаў, ён разглядае яго як прынцып натуральнай маральнасці, якой неабходна прытрымлівацца ў практычных паводзінах. Даючы настаўленні юнакам, раячы ім устрымацца «ад прыманак чрэва і горла», «ад пагарды і ўладалюбства, нават ад празмернага жадання пахвалы» — і гэтак далей, ён свае павучанні завяршае так: «У адносінах жа і ў паводзінах з людзьмі дастаткова захаваць адну гэтую народную прымаўку: нікому няхай не робяць нічога такога, чаго не жадаюць сабе». З Аўгусціна, можна сказаць, і пачынаецца традыцыя разгляду залатога правіла як асноўнага прынцыпу натуральнага права і маральнасці, якой на працягу стагоддзяў прытрымліваліся многія тэолагі і філосафы сярэдніх стагоддзяў і якую ў пэўнай меры прынялі філосафы Новага часу...

— Чыр-чыр! — у цішыню пакоя ўварваўся бадзёры і звонкі голас вераб'я: — Чыр-чыр-чыр...

— Здароў, Чыр, здароў! — абрадаваўся паэт, замітусіўся, радасна паглядзеў на Антона: «Бач, вярнуўся, вярнуўся, жэўжык!» — Зачакаліся мы цябе. Дзе лётаў, што бачыў, расказвай.

Верабей ускочыў на падваконнік, пачаў згаладала дзяўбці хлеб — аж душыўся. Быў ён абскублены, пер'е тырчэла ў розныя бакі — і яны не вытрымалі, зарагаталі. Чыр не звяртаў на іх ніякай увагі.

— Прагаладаўся?

— Чыр-ч...

Не было калі гаварыць, голад — не цётка. Трэба папаўняць растрачаныя сілы. І ён стараўся, працаваў дзюбкай і нагамі, крыльцамі памагаў.

— Відаць, дасталося бедалагу.

— Дасталося, факт.

— Ну, на чым мы з табою, браце Антон, спыніліся? — Валер пакінуў Чыра ў спакоі, ад'ехаў ад акна. — Я ніколі так не гаварыў. То я так начытаўся філасофіі.