Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 56

Анатоль Бароўскі

— Як маешся, Валер?

— Нічога, змагаемся. Вось сон цікавы толькі што бачыў: Наташа прыснілася. І ў кветках луг. А яна рамонкі збірае. Вялізныя такія, прыгожыя. Смяецца, а ў мяне нейкая трывога расце. За яе, за цябе...

— Кветкі — гэта добра. Кветкі — гэта радасць. Слухай, Валерка, а ты б хацеў прабегчыся па тых кветках, па роснай траве?

Не падобна было, каб Антон здзекаваўся. Не з тых ён людзей. Але пытанне прагучала. Ці не хочацца прабегчыся па траве?.. Але што з таго, калі хочацца? Хіба ж Антон Бог, каб падарыць яму ногі? Каб такое здарылася...

Валеру стала балюча ад пытання, адвярнуўся да

акна і падумаў, чаму не прылятае Чыр. Ужо трэці дзень не чуваць яго.

— Прабач, Валерка, за дурацкае пытанне. Нешта набегла, сам не ведаю чаму. Як Чыр, прылятае?

Арлоў ад'ехаў ад акна, праехаў па хаце:

— Трэці дзень чакаю, а яго няма. Каб чаго не здарылася.

— Ды што з ім здарыцца? Ён у цябе разумны.

— Ён-то разумны, а бываюць людзі дурнымі. Пастку якую падстрояць. Альбо дзеля забавы з мялкашкі пульнуць... Ва ўсяго жывога ёсць ворагі.

— Так, ёсць. І нікуды ад гэтага не падзецца.

Антон уздыхнуў — цяжка-цяжка, не могучы вызваліцца ад гнятлівага цяжару. Упарты Антон у жыцці. З-за таго і перападала не раз на абаранкі. Пра тое ведаў Арлоў. Як і ведаў пра тое, што Пушкарчук ваюе, змагаецца з гарадскімі ўладамі. Што яму цяпер лягчэй, бо замест Ганчарэнкі старшынёй выканкома абралі новага чалавека...

— Валер, а адкажы мне на такое пытанне — што такое: дабро і зло?

Сябар прыжмурыў вочы, схаваў іх за празрыстымі шкельцамі:

— Ого, браце, куды цябе занесла? Здарылася што?

— Душа бунтуе. Не бачу наперадзе дарогі. Пасля таго як пабыў там, пабачыў, якія таленавітыя былі людзі. І жорсткія.

«Ногі ёсць — дарогі не бачыць, у мяне ног няма — і Чыр паказаў мне яе. Значыць, сапраўды нешта адбылося ў яго жыцці, раз такі разбіты... Выгаварыцца прыйшоў, раз адзін. Смыліць, мусіць, душа — паратунку просіць. Што ж, давай, мне такое пачуццё вядома...»

— Дарогі не бачыш... Ці стаміўся ісці па ёй?

— І тое, і другое.

Антон узбуджаны, кусае губы. Пацірае шчаку — ад хвалявання.

— Ты чуў калі пра залатое правіла маралі і этыкі? — папытаўся ціха Арлоў, прачыняючы акно — верыў, што вось-вось павінен з'явіцца Чыр.

— Даўно, і не памятаю ўжо.

Валер з'ездзіў на кухню, адламаў лусту хлеба, прыехаў назад і паклаў на падваконпе. Не крышыў — мог і не прыляцець, ён разваліўся ў калясцы, паглядаў у столь, задраўшы востры падбародак.

— Што ж, давай пагаворым пра тое правіла. Першыя ўпамінкі пра яго адносяцца да шостага-пятага стагоддзяў да нашай эры. У вядомым помніку старажытнаіндыйскай культуры «Махабхарата» легендарны носьбіт мудрасці Бхішма перад смерцю даваў такія парады: «Тыя ўчынкі другіх, якіх чалавек не жадае для сябе, што самому непрыемныя, няхай не робіць іншым людзям. Хто для сябе хоча жыцця, як можа забіць другога? Трэба паклапаціцца для іншых пра тое, што для сябе жадаеш».