Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 54

Анатоль Бароўскі

— Добра, пайшлі рыхтаваць раствор, — згаджаецца Зялёнка, падымаецца з зямлі, — але праяўляць можна будзе толькі праз суткі.

— А чаму не сёння?

Я пачынаю злавацца на Наташу, ну, як першакласніца гаворыць, як быццам вымольвае цукерачку.

— Такія ўмовы праяўкі. Так напісана ў інструкцыі.

І вы мне будзеце кіпяціць ваду, вымяраць тэмпературу, бо там гэта іграе галоўную ролю... Ідзём?

— Пайшлі, ура! — падхопліваецца следам, бярэ падпашкі дзеда, смяецца, матляе галавой, і косы развяваюцца па ветры — дзяўчо, неразумнае дзяўчо, у якога энергіі — праз край, радасці — праз край і горкага — таксама з коптурам.

Антон заўважае ў ёй нейкія перамены. Нават тварам змянілася. У вачах больш прамяністыя іскрынкі, голас іншы — больш пявучы і спакойны. Не тоіцца ад старога — што думае, тое і гаворыць. І Мікалай Мікітавіч стаў іншы. Перастаў гаварыць, толькі няўцямна ўсміхаецца...

І тады да Зялёнкі прыходзіць прасвятленне: «То, пэўна ж, і я стаў другім... Чым жа яно, падзямелле, так падзейнічала на нас? Горшымі мы сталі ці лепшымі?»

Схамянуўся, паляпаў па кішэні — ці цэлыя хаця плёнкі, мо і яны ператварыліся ў попел? Здаецца, на месцы. Каб пераканацца, ён адкрыў адну чырвоную кардонную каробачку, з яе выняў бляшаную круглую з накрыўкай трубачку. Адкаркаваў, з касеты выглядваў канец зялёнай плёнкі. З палёгкай уздыхнуў: «Слава Богу, значыць, усё пры нас...»

— Ідзём хутчэй! — загадаў Зялёнка, павярнуўся і першым пайшоў у бок майстэрні.

За ім адразу ж рушылі яго сябры.

...толькі праз суткі яны пачалі праяўляць «Орвахром».

Праявілі ў першым растворы, у другім. А потым пачалі падсвечваць з абодвух бакоў вынятую з бачка на катушцы плёнку — па мінуце, лямпай у пяцьсот ват. А пасля ўжо апусцілі ў трэці раствор...

З нецярпеннем чакаў Антон, калі пройдзе пяць хвілін трэцяй праяўкі — у ёй ужо можна было падгледзець, што засведчыў аб'ектыў. Наташы з дзедам не казаў, што можна даведацца адразу ж. Кусаў губу, глядзеў нецярпліва на гадзіннік. Адлічваў разам з ім секунды — раз-два, раз-два... У такт сэрца — бу-туп, бутуп... Дакрануўся даланёй да лба, адчуў, што ён мокры. Салёныя кроплі пачыналі пячы, сцякалі па шчоках.

Чатыры мінуты. Пайшла пятая...

Рукі дрыжаць, як не калоцяцца, Антон бярэ кончык плёнкі і адгінае ад спіралі. Падняў на святло, на лямпу.

Спачатку нічога не разумеў — дзе гэта ён здымаў голых дзяўчат? Не было такога... Калі ж прыгледзеўся пільней, яго ахапіла нервовая дрыготка — дзяўчаты былі ў кайданах, на руках і нагах ланцугі...

«Няўжо гэта грот?! Дык чаму ж аб'ектыў кажа няпраўду — там жа былі толькі шкілеты...»

Хлопцы былі таксама павязаныя ланцугамі.

Крык вырваўся з яго губ.

— Што такое? Што з табой, Антон? — да яго падбегла Наташа, абхапіла галаву — яго курчыла ад невядомага болю. — Што з табой?!

— Там, на плёнцы... Там жывыя... дзяўчаты...

— Якія дзяўчаты?

— У гроце. Яны ў ланцугах.

Мікола падхапіў Антона, пасадзіў у крэсла. Наташа зірнула на плёнку і сама жахнулася:

— Мікітавіч, зірніце! Божачка, што гэта такое? Мы ж іх такімі не бачылі. Што рабіць з плёнкай, каб не сапсавалася?