Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 55

Анатоль Бароўскі

— Пад кран. Пад халодную ваду. Цяпер не сапсуецца.

Антон абхапіў галаву рукамі, сціснуў яе. Яму чулася, як нехта хіхікаў побач, як здзекаваўся. Далёкімі раскатамі грому прагучэла пытанне: «А не пашкадуеш, ганарлівец?» Яму здалося, што святы Айцец падміргнуў яму — хітра і весела.

«Не, Айцец, трэці цуд я на дурноцтва не аддам, не дажджэшся!..»

Калі высахлі плёнкі, Антон папрасіў Наташу, каб яна разрэзала іх на асобныя кадры. Сам жа прыхінуў да сцяны вялізны белы падрамнік. Маўчалі. Святло эпідыяскопа высвеціла першы кадр... Ён уразіў і ашаломіў.

Дзяўчына, закаваная ў ланцугі, была вельмі прыгожай. Маладыя дзявочыя грудзі ўпіраліся ў ланцуг, і здавалася, вось-вось разарвуць яго. На твары дрыгавічанкі адбіліся адчай і пакуты. Яна нешта крычала перакрыўленым ротам — ці не пракляцці слала каралю Сігізмунду?

Наташа не вытрымала, пакінула крэсла і выбегла ў калідорчык. Не магла глядзець на такое, заплакала. Антон выключыў апарат — і сам баяўся далей глядзець. Дзед падпёр падбароддзе кулакамі, глядзеў некуды ў падлогу. Рэдзенькія попельныя валасы звісалі на лоб...

За акном, здавалася, ляснуў пярун — задрыжэлі трывожна ў вокнах шыбы.

14.

Усю ноч Валеру снілася Наташа.

Быццам бягуць яны па зялёным, у духмяных кветках, лузе, узяўшыся за рукі. Ён абганяе яе, злуецца нават, што адстае. Таму прыспешвае: «Хутчэй, бо ўзыдзе сонца!» — «Калі ўзыдзе, то не ўцячэ, — смяецца дзяўчына, даганяючы, мацней сціскае руку, — мы яго сустрэнем». Ён не згаджаецца, крыўдуе, што не разумее яго: «Сустракаць трэба спяшацца. А што ўцякае, тое не дагоніш!» — «Дзівак ты, Валерка, ці, можа, усе паэты дзівакі — ім тое Богам дадзена?»— «Не ведаю,— круціць ён галавой,— бо я не паэт, я просты чалавек і во нават бегаць навучыўся». — «А ты хіба не хадзіў?»— здзіўляецца яна, смяецца, нахілілася над высокімі і вялізнымі рамонкамі — пачала рваць іх у букет.

Сукенка ў яе блакітная, як і неба. Таму яна і зліваецца з небам, раствараецца ў ім. Толькі вочы і белыя ва ўсмешцы зубы выдзяляюцца. Яму хочацца дакрануцца да яе кос...

Прачнуўся ад нейкай трывогі. Што творыцца з Наташай? Яна шукае збавення ад сваіх пакут і не можа знайсці...

Было ціха. У прачыненае акно з вуліцы даляталі галасы — нечы вокліч, стук малатка, плач немаўляці — не так даўно Марына нарадзіла дачку. Марына працуе ў Палацы культуры. Некалькі разоў заходзіла да іх у хату — вясёлая, прыветная. З доўгай касой праз плячо. А вочы агністыя, жывыя, гляне — як агнём апячэ.

У сенцах нехта загрукаў. Потым, чуваць было, адчыніліся дзверы хаты.

— Дома Валер? Нікуды не збег?

— Няма мяне! — крыкнуў Арлоў, пазнаўшы голас Антона Зялёнкі. — Да дзевак пабег!

— Ну і ладна. Я і сам пасяджу.

— Правільна, Антон. Пасядзі, я хуценька. Драмануў пасля абеду...

— Добра. Я тут кнігі пагартаю... — далятае з залы, і чуваць, як слаба піснула крэсла — госць сеў каля кніжнай шафы.

Валер апрануўся, насунуў шкарпэткі, якія сам вязаў з белых шарсцяных нітак. Пракаціўся на кухню, спаласнуў рукі і твар. І бадзёрым хлопцам выкаціўся да Зялёнкі.

Парукаліся. Валер адразу прыкмеціў, што вясёлы голас сябра не зусім тасуецца да яго ўнутранага стану — штосьці цяжкае ляжыць у таго на душы. І тое мучыла яго, не давала супакаення. Па вачах усё бачна, як бы не хазаў свой настрой.