Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 26

Анатоль Бароўскі

Бачыў Пушкарчук кроў і здзекі, смерць і жорсткасць. але ўбачанае скаланула.

Адчуў, што ў падзямеллі знаходзіцца больш нельга ні хвіліны. І ён пабег назад, раз-пораз аглядваючыся, як быццам яго мог нехта дагнаць і закаваць у кайданы. Трэніроўкі па металічнай лесвіцы вельмі спатрэбіліся — узбег назад лёгка і хутка, нават не задыхаўся.

Ліхтарык свяціў слабым, кволенькім промнем — хапіла б яшчэ на хвілін колькі, не больш.

Кола паддавалася лёгка. Павольна і ціха выраўнялася сцяна. Як і не апускалася, злілася з астатнімі выступамі.

Дабіраўся ўжо вобмацкам, забыўшыся пра цагліны, якія падрыхтаваў, каб забраць з сабою.

Выбраўшыся наверх, стомлена ўпаў на зямлю і раскінуў у бакі рукі. Дыхаў на поўныя грудзі і не мог здаволіцца чыстым паветрам.

Над ім праляцеў, натужна круцячы прапелерам, верталёт. ён узяў кірунак да самага высокага дуба, што рос на гары. Завіс над ім...

Пушкарчук толькі мельгам зірнуў у той бок: падумаўшы, якая там можа быць у верталёта работа. І зноў адкінуўся на спіну — не мог надыхацца чыстым паветрам.

8.

І вось новы лістапад.

Я яго сустрэў гэтак жа шчымліва, як і раней. Але не так балюча — што мяне здзівіла і ў нечым абрадавала. Пякучы боль надакучыў, пачаў аціхаць. А на змену яму ўварвалася нейкае іншае, свежае і ачышчальнае пачуццё.

У гэты віхурны лістапад уварвалася ты, Наташа. Нечакана, як прынцэса з нейкай дзіцячай казкі — дзівоснай і прыгожай. Я паверыў у цябе. У твой незвычайны вобраз. У твой голас, які я найперш адчуў і пачуў. А потым ужо я ўбачыў цябе.

Ты мне падалася такой прыгожай, такой чыстай і светлай у сваёй новай сукенцы — бы блакітная праталінка ў бярозавым маладым гаі. І мне хацелася, каб да цябе ніхто не датыкаўся — ні чалавек, ні вецер...

Я ўжо тады, не ведаючы цябе, зайздросціў ветру, які лашчыў твой твар і цалаваў твае вусны, сонечным промням — яны цэлымі прыгаршчамі сыпаліся на цябе, ці не яны і пакінулі на тваіх шчоках ледзь прыкметныя адмецінкі: маленькія сонейкі-кропачкі...

Потым я і сам баяўся дакрануцца да цябе. Бы баяўся, што ты знікнеш, растворышся, бы тая казачная прынцэса. Я забіраўся ў самыя глухія палескія нетрыскі, дзе, можа, не ступала нага чалавека, каб там, на цішы і ў суладдзі з прыродай, стварыць нешта такое... Мне тады хацелася намаляваць твой голас, а я ніяк не мог падабраць патрэбнай фарбы...

Мне здавалася, што нехта вадзіў па мальберце маёю рукой. На загрунтаванае палатно клаліся неверагодныя колеры і дзівосныя спалучэнні. Яны то знікалі, то прападалі, і тады чуваць быў нейкі ўздых — не то адчаю, не то радасці, нейкае слова, іскрынка смеху... Пэндзаль адрываўся ад тканіны — і голас аціхаў. Дакранаўся — зноў нешта ажывала.

А лісце падае і падае, і яго падхоплівае вецер, кружыць яшчэ доўга ў паветры, даючы апошнюю асалоду адчування вышыні і палёту, зрабіўшы на момант птушкамі. А я гляджу на яго, і мне падаецца, што то і не лісце зусім і не птушкі, то пажоўклыя старонкі з кнігі майго ненапісанага кахання, радкі якой мне так і не ўдаецца дапісаць... Цяпер хай дапісвае вецер і ліставей, ім давяраю такую работу.