Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 25

Анатоль Бароўскі

Тое здарылася і тут. Ён дакрануўся да камянёў не рукамі, а душой. Колькі часу гэтым скляпенням?

Ён расчаравана ўздыхнуў. Дадому прыйдзецца вяртацца з некалькімі цаглінамі. Перад тым, як павярнуцца назад, яго ўвагу прыцягнуў адзін камень, ён слаба нагадваў твар чалавека. «Можа, яго ўзяць на памяць,— падумалася нечакана, — усё роўна больш сюды не вярнуся...»

Паспрабаваў падважыць малатком — не атрымалася.

Лаўчэй тое было зрабіць кіркай. Устраміў пляскаты канец паміж двума камянямі — у шчылінку, націснуў раз, другі...

І камень паддаўся. Ён быў чамусьці не ўмураваным у сцяну. Тое здзівіла Пушкарчука, надало яшчэ большай цікавасці. Міліметр за міліметрам высоўваўся ён з палону суседніх камяшок. Потым і на сантыметр, пяць, дзесяць... Ужо і рукамі яго можна было ўхапіць.

Камень быў важкі — аднаму не занесці. З квадратнай доўгай адтуліны патыхнула нежылым і нездаровым пахам. Пушкарчук накіраваў у квадратную цемрадзь прамень ліхтарыка. За сцяной, у паўрукі таўшчынёй, упрытык да яе, убачыў шэрую — не то драўляную, не то цагляную сцяну з нейкімі адтулінамі. Выдаўжыў руку і дакрануўся пальцамі да ліпкага і цёплага дрэва. Панюхаў кончыкі пальцаў — пахлі нейкай смалой. «Прапітана, каб не гніло? — падумаў адразу. — Але для чаго «яно» ўстаноўлена? Як да яго падступіцца?»

Падумаў зноў пра кірку. Але і ёю нельга дастаць. А калі дзяржаннем? ён уставіў канец у адтуліну і падважыў.

Нешта зарыпела, і сценка пакрысе, ледзь заўважна, падалася ўверх. Пушкарчук адчуў, як пахаладзела ўсярэдзіне — што гэта ўсё азначала?

Яшчэ адна адтуліна, яшчэ... Чацвёртая, сёмая. І тут жа злева, праз чатыры выступы пачала пакрысе падаць сцяна. Правільней, частка сцяны — тайны ход? Патайныя дзверы апусціліся і сталі мосцікам. Куды, у якое стагоддзе?

Тахкала гулка сэрца, гатовае выскачыць з грудзей.

Магнітам цягнула да сябе невядомасць.

Пушкарчук ступіў на ляжачыя дзверы-мост, тэпнуў нагамі — не зварухнуліся. З нецярпеннем сышоў і ступіў на нейкую прыступку, ён убачыў кола, якое было прымайстравана да сцяны з адтулінай. Зразумеў адразу прынцып работы. Круцячыся, кола круціла меншае, а тое прыводзіла ў дзеянне рычаг, ён падымаў і апускаў патайны ўваход. Простая і мудрая канструкцыя. Дубовая. Мораны і насычаны нейкім асаблівым растворам, перамешаным з жывіцай, — дуб пахнуў ёю.

Ну што, наперад? Наперад — уніз? Прыступкі вялі туды. І сто налічыў, і дзвесце, а канца ўсё не было. Ці хопіць святла далей? А раптам сядуць батарэйкі? Але яго цягнула далей і далей.

Паветра затхлае, а макрэчы не адчувалася. Нават слабы ветрык павяваў — не свежы, але адчуваўся павеў.

Урэшце прыступкі скончыліся. Перад ім быў вузкі і доўгі калідор. У канцы яго тры выхады — як у той казцы: пойдзеш налева... Пайшоў у правы. Спяшаўся — не было калі раздумваць. Хацелася зірнуць хоць адным вокам і хутчэй назад. Потым прыйсці сюды з Антонам ды запасціся ўсім неабходным.

Тое, што адкрылася перад вачыма, уразіла і ашаломіла. Да сцяны ржавымі ланцугамі былі прывязаны шкілеты. І па-над другой сцяной — насупраць. Усе ў кайданах і наручніках. Што зрабілі яны, гэтыя людзі, чым правінаваціліся перад людзьмі і Богам? Хто ім прыдумаў такую смерць — без плахі і прысуду? Чыё гэта злачынства, якога стагоддзя?