Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 24

Анатоль Бароўскі

Вялікі пажар у горадзе прымусіў прызначыць спецыяльны збор. І ўжо на пачатку 1613 года ўмацаванні горада былі адноўлены, пры гэтым горад быў абнесены высокім валам з сямю вежамі і фортамі...

Замак адыгрываў тады вялікую ролю ў жыцці палешукоў. На яго тэрыторыі знаходзіліся цэрквы і касцёлы. Гісторыкі і летапісцы сцвярджалі, што ўмацаванні і падземныя схроны існавалі яшчэ дзесяць — дваццаць стагоддзяў назад...

Замак, ці гарадзішча старажытнага горада, знаходзіўся ў яго цэнтры — на Спаскай, а пазней Замкавай гары. Месца палешукі-дрыгавічы выбралі ўдала — ведалі ў гэтым толк. Над рэчкай, з абодвух бакоў абмежаванай глыбокімі і шырокімі канавамі. Праз іх ворагу нельга было прабрацца. Што ўяўляў тады каралеўскі замак? Першы ўспамін пра яго адносіцца да 1519 года, калі Вялікі князь Сігізмунд аддаў «у заставу замак папу Альбрэхту Марцімавічу Гаштальду... за 1500 коп грошай».

Пушкарчук тады не ўтрымаўся, перапісаў у свой сшытак скупыя паведамленні гісторыка, каб самому ведаць і памятаць даты таго часу. Тады яны зацікавілі не вельмі, а вось цяпер гісторыя набывала нейкую рэальную значнасць.

Першы вядомы інвентар адносіцца да 1552 года. Аб тым часе гаворыць «Калодзеж» — такі летапіс. «У замку... 30 сажняў углыб, і месцэ зруйнавана... а рабіў яго нейкі Міхаіл Гашын, стараста і гараднічы Прыпяцкі... а як збудавалі — стаіць 70 гадоў».

Было вядома яшчэ, што замак быў з трох вежаў з гароднямі і некалькімі дамамі паміж імі, якія выконвалі ролю сцен.

«Вежа варотная старая... Па правы бок той вежы дзве Гародні старых, за імі — 4 новых зрублены ў тры сцяны... За імі — дом цёсаны, ні печаў, ні каміноў, ні лаў... За тым домам — вежа на вуглу замка, у чатыры сцяны, у сем гмахаў... Па другі бок той вежы — дом другі тым жа чынам зроблены, не скончаны... ад таго дома да трэцяе вежы гародзен новых дзесяць... Вежа на вуглу ад паркана. Адна гарадня новая і восем старых. У замку: царква святога Спаса на падрубе, святліца і камора для гараднічага. Яшчэ камора, два свірны і жытнік. Хата чорная і піўніц дзве...» Ведаў Пушкарчук, што была яшчэ царква святога Міколы.

Рукі абмацвалі кожны камень сцяны. Было жаданне дакрануцца да гісторыі, адчуць яе дыханне.

Некалі, у Ленінградзе, ён хадзіў на Мойку да Пушкіна — на экскурсіі быў. Ці то экскурсавод-жанчына была такой эмацыянальнай і ўлюблёнай у паэзію генія, ці Пушкарчук чакаў у той дзень нечага незвычайнага, але расказ пра апошнія дні паэта ўразіў яго і ашаламіў.

Яму тады здалося, што адчуў смяротны боль, чуў апошнія словы паэта, шэпт Даля і Жукоўскага ў калідоры.

Вось тады толькі для яго Пушкін стаў Пушкіным. Вялікім. Неабдымным. І зразумелым. Школьнае ўяўленне пра яго здалося збяднелым, хрэстаматыйным і кніжным. Яго прымушалі чытаць вершы, харошыя вершы, а тут сам паэт, сваім голасам чытаў свае радкі. І тады Мікола чуў, як пералівалася, пульсавала ў венах неспакойная кроў паэта.

З таго часу кожны радок адчуваў сэрцам. І разумеў як ніколі.