Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 27

Анатоль Бароўскі

Голас ледзь чутны, бы слабы павеў ветру. Але я адчуваў яго і быў упэўнены — адшукаю фарбы і напішу.

Я доўга чакаў цябе. Доўга меў надзею на сустрэчу. Хаця яна, надзея, была кволай і слабенькай, як павуцінка.

І ты прыйшла. З'явілася, як казка. Як старажытнае неверагоднае паданне. І я мусіў паверыць у яго, бо ты стала на парозе — у промнях сонца і прасвечвалася ўся наскрозь — як усё роўна гаварыла: «А вось і я. Не чакаў?..»

Ад нечаканасці я не ведаў, што гаварыць, таксама ўсміхаўся ў адказ. Не здагадваўся, што трэба найперш запрасіць цябе ў пакойчык. Глядзеў на цябе, як на прывід, няйначай.

— Вы мяне не чакалі, таму і не запрашаеце да сябе?

Ямачкі на шчоках, грыўка пад вачмі. У іх гарэзлівасць і дакор. Ты чамусьці не можаш ступіць і кроку наперад — быццам перад табой нейкая перашкода.

— Прабачце, я... Чакаў вас. Але вы прыйшлі ўсё роўна нечакана. Праходзьце. Праўда, у мяне тут...

Ты ступіла адзін крок, другі. Агледзелася, на ўсім затрымліваючы свой пільны позірк, асцярожна прайшла на сярэдзіну залы.

— А ты не змяніўся, — глядзіць на мяне, язычок прыкусіла, у позірку іскрынкі-калючкі.

— І ты таксама. Прыгажэйшай хіба стала.

Ты смяешся, адвярнуўшыся ад мяне. Ты так натуральна перайшла на «ты», што я і не заўважыў. Глядзіш у блакітнае акно прымружанымі вачыма і падыходзіш да яго, апіраешся на падваконнік рукамі.

Я толькі цяпер прыглядаюся да цябе пільна, ва ўпор. Адзначаю, што выглядаеш ты дзяўчом — гнуткая, стройная, кулачкі-грудзі... Глядзіш за акно, а думаеш пра нешта сваё, пакінула гэты пакой і некуды паляцела далёка адсюль. Я маўчу, не збіваю цябе з тваіх думак — я яшчэ ўсё ўражаны тваім паяўленнем у маіх пенатах, дзе такое бязладдзе, рэзрух.

Пакойчык у мяне маленькі, у ім і працаваць нязручна, і ўсё роўна я люблю яго, хаця належыць не мне, а майму сябру, Міколу Пушкарчуку... Ён два дні ў тыдзень аддае яго мне, сам жа лепіць сваю гліну дома, а не лепіць, дык шастае па горадзе ці па вёсках у пошуках старызны. Або робіць эскізы для будучых работ.

— Я на хвілінку забегла. Трошкі мела часу, а цяпер мне пара ісці, — гаворыш ты як бы вінавата, ужо суцішыўшыся, стаўшы самой сабою — заклапочаным чалавекам, якога, як і кожнага, грызуць турботы...

— Ты прыйдзеш яшчэ?

— Як запросіш, то прыйду, — зноў смяешся, але ўжо не так гарэзліва, як раней, а неяк інакш, як што зразумеўшы ці адчуўшы.

— Я запрашаю цябе, Наташа. У панядзелак ці ў аўторак я тут заўсёды. Я хачу стрымаць сваё абяцанне.

— Якое? — у голасе насцярожыце.

— Намаляваць твой голас.

— А-а... Я думала, ты пажартаваў.

Я праводжу цябе да дзвярэй, потым на вуліцу. Ты ідзеш не аглядваючыся, не падаючы аніякай надзеі на будучую сустрэчу.

— І чым больш ува мне расло жаданне ўбачыць цябе, тым скарэй яно перарастала ў нейкае іншае пачуццё — невядомае мне, цнатлівае і хвалюючае. Дакараў сябе, што я на пятнаццаць гадоў старэй за цябе, што мне нельга зараджацца тым пачуццём, бо гэта можа быць балюча для абаіх — калі здарыцца Тое, але ўжо нічога парабіць з сабою не мог...