Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 211

Анатоль Бароўскі

— Не будзем, любая, пра тое. Ні ў чым ты не вінаватая. То я адкладваў няведама чаго. І страціў цябе. Ладна, у нас яшчэ будзе час. У леснічоўцы дагаворым. Слухайма, што Вятчынка кажа...

Любі-трава ўздыхнула, павярнула галаву ў той бок, куды глядзеў Косцік, прыслухалася.

— Хачу крыкнуць вам, кожнаму асабіста крыкнуць, хто жыве на зямлі: «Адумайцеся! Што вы робіце?!» Вы разбудзілі нас. Нам душна стала. Дыхання не хапае — хіба будзеш дыхаць смуродам? У наш час такога не было. А як жа вы дыхаеце, людзі? Чаму ў вас столькі памірае, як у дні змагання і барацьбы? Вы ж самі на сябе насылаеце хваробы і беды. А лекі, якія маглі б вам памагчы, вы топчаце нагамі. Нават не хочаце ведаць, што за лекі. Жылі і раней людзі на зямлі, але не было ў іх таблетак і ампул, шпрыцоў і ўколаў. Былі толькі зёлкі. За стагоддзе да нашага часу швейцарац — медык і хімік Парацэльс гаварыў, што калі прырода ўтварыла хваробу, то яна абавязкова стварыла і сродак супраць яе. Яго доўга і шукаць не трэба. Працягні руку і бяры. Але невядома, ці выратуюць ад хвароб дваццатага стагоддзя тыя траўкі. Не любіце вы сваю зямельку.

Вятчынка змоўк. Абярнуўся да Яркі, чырвоную накідку на плячы паправіў. Ярка падаў яму скрутак паперы.

— Падлічана, што на планеце сапсавана ўжо звыш паловы мільярда гектараў зямлі. Дзве трэціх — лясы. А восі» што пішуць вашыя газеты. «Забруджванне атмасфернага паветра адбываецца пры ўсіх відах дзейнасці чалавека і ва ўсіх сферах вытворчасці. Наяўнасць у паветры шкодных рэчываў вышэй санітарнай нормы адмоўна ўздзейнічае на здароўе чалавека. Дым, сажа і іншыя механічныя часцінкі трапляюць у лёгкія і выклікаюць лёгачныя захворванні. Сярністы ангідрыд, вокісы азоту, серавадарод, іншыя газы прыводзяць да захворвання шляхоў дыхання. Вокісы вугляроду, ці чадны газ, атручваюць арганізм, выклікаюць удушша. Яшчэ больш небяспечнымі для здароўя чалавека з'яўляюцца цяжкія металы — свінец, кадмій, ртуць, мыш'як, медзь, кобальт, нікель і іншыя... Есць, аднак, і другое ўздзеянне: ускоснае — забруджанае паветра дзейнічае на глебу, а праз яе на прадукты, што вы ясце. З агульнага ліку прамысловых выкідаў у паветра каля дзевяноста працэнтаў прыпадае на долю пяці галін — энергетыкі, нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай, хімічнай, машынабудаўнічай і вытворчасці буйных матэрыялаў. Усё, што трапляе ў паветра, рана ці позна вяртаецца на зямлю. Да нас з вамі. Вы ж — самазабойцы!

Дадам яшчэ думку вучоных. Найбольш таксічнымі з'яўляюцца поліцыклічныя пахучыя вуглевадароды, сярод якіх асабліва выдзяляюцца канцэрагенныя рэчывы — бензапірэн. У розных рэгіёнах зямнога шара даследчыкі адзначаюць павышаную канцэнтрацыю свінцу ў прыдарожнай паласе, які назапашваецца ў глебе, раслінах, паветры і атручвае ўсё жывое на зямлі — птушак, жывёл і чалавека... Таму мы пытаемся ў вас, людзі:

— Што вы робіце? Спыніцеся! Пяць стагоддзяў мы з Яркам стаялі спакойна і без трывогі, а апошнім часам стала не ўтрываць. Гукаю яго, гукаю праз Княжына, цікаўлюся, як стаіць ён на зямлі палескай, а ён адказвае нявесела — корні не дастаюць да вады, а з неба атрута сыплецца. Людзі гінуць у другі раз. Без стрэлаў паміраюць, падаюць на зямлю гнілыя дрэвы. Рыба ў азёрах і рэках гіне, бо вы зліваеце туды атрутны бруд. Эх, людзі, людзі!..