Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 210

Анатоль Бароўскі

Нехта ўзяў яго за руку, і Косцік азірнуўся. Побач стаяла Любі-трава і ўсміхалася. Як фарсіла маладымі белымі зубамі — ды яна і была маладая, такая, як выходзіла замуж — прыгожая, вачэй не адвесці.

— Ты тут даўно, Косцік?

Вусны ў яе прагныя, жаданыя, а ў вачах прасвечваецца светлая радасць. Толькі ад чаго — што яго, Міхалапа, бачыць, ці ад таго, што папала на такое відовішча?

— Не ведаю — як пайшоў у свой абход. А ты?

— Толечкі во прыбегла. Нехта пагукаў з вуліцы. Думала, што ты — твой быццам бы голас. Кажуць, што мы ў нечым перад продкамі правінаваціліся? Чым мы маглі ўгнявіць іх? Чым, Косцік?

— Не ведаю. Вось тут нам і абвясцяць.

Людзі заціхлі — як магутная хваля пракацілася па натоўпе і захліпнулася ля самага ўзбалотка.

«Гу-уух!» — уздыхнула грамада і замоўкла, не дыхала нават. Тысячы позіркаў упіліся ў продкаў. І пазнавалі іх, і не пазнавалі — па-рознаму расказвалі пра іх спрымачоўцы.

Углядаліся ў Ярку, Вятчынку, Броньку, Чэрценя, Ігналя... То людзі ў іх гонар далі назвы мясцінам. Людзі шанавалі іх памяць.

Вятчынка і Ярка дамаўляліся пра нешта. Паціснулі адзін аднаму рукі — нешта парашылі. Кіраўнік паўстання паглядзеў на людзей, кожнаму, здаецца, зазірнуў у душу. У Міхалапа ўсё схаладнела ўсярэдзіне.

— Людзі! Мы вас паклікалі сюды таму, што не можам больш трываць. Многа вы зрабілі добрага і карыснага. Аблегчылі сабе жыццё, сталі вольнымі і шчаслівымі. Мы зайздросцім вам, мы і марыць не маглі пра такое жыццё. Не хапала нават і фантазіі. Але ў той жа час мы і незадаволены вамі. І тут мы будзем судзіць вас па строгасці чалавечага закону. Не мы вас судзім, час судзіць. Вы самі сябе судзіце. Мы пачынаем Вялікі суд...

Людзі стаялі ўшчыльную адно да аднаго. Косцік хацеў спытаць у Вікці, чаму не прыйшла Паліна і хлопцы, чаму Жамойды няма, але ўбачыў і яго — сярод тых, хто стаяў непадалёк ад суддзі. Але ж яго нядаўна арыштавалі, сядзіць пад следствам — дакапаліся да крывавых спраў. Чаму ж ён тут?

Жамойда апусціў галаву і ўзіраўся ў зямлю. Жоўтая лысіна адсвечвала сонца — ці то жоўтымі былі промні? Побач з ім Косцік убачыў Дзягцяра, Яфіма Сямёнавіча, Тхарэнку, тых хлопцаў, што атруцілі зайцаў і Ладзікаву карову, што вылілі мачавіну на зямлю. І яшчэ шмат людзей побач з імі.

Як на лаве падсудных сядзелі.

— Людзі! Мы спакойна спалі стагоддзі, і наш сон ніхто не чапаў. Вялікія падзеі, якія вы перажылі — Светлы дзень, потым дні змагання і барацьбы,— шмат загубілі людзей. У нашым лясным царстве прыбавілася жыхароў. Кожны загінуўшы ператварыўся ў прыгожае дрэва. Мы ганарымся вамі, што не пасарамацілі радзіму, роднае Палессе. Хвала вам, на ўсе вякі хвала! — прамоўца пакланіўся народу.

— Косцічак, мне страшна! — прашаптала Вікця, мацней сціснула руку — вышэй локця.

— Не бойся. Ты ў чым вінаватая?

— Вінаватая, Косцік. Што не так любіла цябе, як трэба было. Як магла і хацела. Што каралі нашу твае і пярсцёнак заручальны, а не твая... Гэта Бог на мяне такую кару паслаў. За віну маю. За дурную галаву. Але ж я не вінаватая, бо то ён, Жамойда, сілай узяў мяне, ссільнічаў. Як я магла стаць пасля ўсяго тваёй жонкай?