Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 209

Анатоль Бароўскі

Хлопец замоўк, пачаў азірацца. Ззаду чуўся незразумелы гоман, усё грамчэй і грамчэй.

— Я пабег, Міхалап. Мяне чакаюць. Загаварыўся я. Убачымся там...

Паўз Косціка, піхаючыся, беглі і ішлі людзі. Твары ў іх былі напалоханыя, жахлівыя, быццам не маглі пазбавіцца ад бяды. Быццам ад яе не маглі ўцячы...

Людзей большала і большала. Воклічы рабіліся больш выразнымі, яны зліваліся ў адзіны трывожны гул. Хто ехаў на конях, хто на легкавіку, нават на грузавой машыне.

Да лесніка падышоў Ладуцька, паляпаў па плячы, спытаў засмучона:

— І ты тутака, калюх-калюха? Спрымачоўцы прыйшлі, Дзягцяр, меліяратары... Голас продкаў кліча на веча. Нашчадкаў склікаюць на судную бяседу...

«Усе нешта ведаюць, адзін я толькі здагадваюся пра ўсё. А цікава, Вікця тут?»

— Тут, а дзе ж ёй быць? — адказаў на яго думкі дзед, — за цябе хвалюецца, перажывае, каб не надта строга абышліся з табою.

— А хто са мною можа кепска абысціся?

— Яны. Продкі нашы, да якіх ідзём.

Дзед шыбаваў упэўнена, як быццам штодня хадзіў па знаёмай дарозе. Міхалап пакорліва клыпаў следам. Усё яшчэ аглядваўся, шукаў сярод люду знаёмага, найбольш выглядваў Любі-траву. Не знаходзіў яе.

Косцік заўважыў адну асаблівасць: сярод людзей не было дзяцей.

— Не адставай, таварыш ляснік, — абазваўся дзед і за рукаў пацягнуў, — бо спознімся.

— Туды ніколі не спознімся.

— Добра ты ведаеш, — хмурыцца Ладуцька.

А людзі напіралі, цяснілі справа і злева, спатыкаліся. Але ніхто не агрызаўся, не мацюкаўся. Міхалап упаў на калені, прыпаў да самай зямлі. Паспеў заўважыць, як борздзенька схаваўся пад трыпутнікам мураш і паглядаў цікаўна на людзей.

— На Ігналеву палянку! Праз Княжабор!

Ніколі, як і памятае Міхалап, так не абуджаўся яго абход. Ніколі тут даўно не было гэтулькі людзей. Хіба што ў вайну, калі партызанілі і людзі хаваліся ад карнікаў.

Ён не пазнаваў Княжына — усё перайначылася... Многія старыя дрэвы сышлі са сваіх месцаў — вунь і дзед Лунь з дуба сышоў, вунь і бацька з маці Косцікавы ідуць няспешна, перагаворваюцца, дзед Ерамей следам... Дзівосы, ды і толькі! Як і быць такое можа. Косціка піхнулі, і ён уліўся ў людскую плынь. Яго панесла, як скепку, па бурным цячэнні.

Спрабаваў выбрацца з гэтага палону — і не здолеў. Сцяна жывых людзей не выпускала яго, як ні сіліўся вырвацца, несла міжволі наперад, туды, дзе стаялі ўжо сцішаныя і гатовыя да нейкай вялікай работы палешукі...

Побач з Яркай размясціліся ваўкі і касулі, ласі Г яноты. Паласацік сядзеў, прынюхваўся да зямлі. Чаго ён туды падаўся, хіба на яго, Косціка, скардзіцца?