Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 207
Анатоль Бароўскі
— Дык падкажы, навучы.
Міхалап пачуў, як нешта заварушылася за яго спіной, затрашчала — бы ламалася што драўлянае. Павярнуўся, каб разгледзець пільней, і не ўбачыў дуба. Замест яго на тым месцы, дзе быў тоўсты, пакрыты шызымі мохам, корань, стаяў невысокага росту невядомы чалавек, бы волат. Апрануты ён быў у нетутэйшае адзенне, не старое, але ж і не новае — у лапцях, на галаве магерка, за спіной мяшэчак са срэбнай тканіны.
— Ты... хто? — пераняло дыханне ў лесніка.
— Во, бач, і не пазнаў, — уздыхнуў волат, — кожныі дзень прыходзіш да мяне, расказваеш пра ўсе свае беды і няшчасці, просіш падказаць і параіць, а тут, — во дзіва! — не пазнаў.
— Ты — Ярка?
— Га-га-гаа!.. Пазнаў. Я ведаў, што пазнаеш мяне. Тут непадалёку мой верны сябар Вятчынка жыве. І князь Радзівіл. Толькі мы яго на гэты раз чапаць не будзем. У нас другое заданне сёння.
— Якое заданне?
Ярка развёў рукамі, нахіліўся да свайго госця і тут жа адразу паменшаў у памерах — ператварыўся ў нізкага, амаль як Косцік, трошкі вышэйшага.
— Ну, вось цяпер мы можам гаварыць з табой бліжэй. Але нядоўга, бо я спяшаюся. І ты таксама там будзеш, Косцік?
— Дзе гэта?
— На судзе. Сёння ж судны дзень. Хіба табе ніхто не казаў пра тое?
— Не, Ярка.
— Тады я і клічу цябе туды. Ты там павінен быць. Ты пра ўсё ведаеш.
— Пра што — ведаю?
— Збірайся. Пайшлі.
Дрэвы, што стаялі нядаўна перад ім, пачалі ажываць.
Яны рабіліся мужчынамі і жанчынамі, у іх былі розныя апранахі, даўнія, паляшуцкія, і здавалася, што Косцік пазнаваў сярод іх і знаёмых.
Ярка паклаў Косціку на плячо руку, як быццам утаймоўваў у ім здзіўленне і недаверку ад такога відовішча; тлумачыў, сцішваючы голас:
— Здзіўлены? А тут нічога дзіўнага і няма. Проста людзі, паміраючы, гінучы ў баях і змаганнях, станавіліся дрэвамі. Сёння яны, мы,— паправіўся былы паўстанец, уздыхнуўшы, гледзячы на пераўтварэнне дрэў у людзей, — зноў на момант станем людзьмі, жывымі людзьмі. Продкі павінны калі-небудзь судзіць сваіх нашчадкаў, спытаць у іх — ці правільна вы жывяце, ці ўсё робіце для таго, каб нашая матухна-зямелька квітнела, як сад, весяліла душу і сэрца, радзіла, як пладавітая жанчына. Нешта не так творыцца на зямлі — душна стала жыць, вятры нейкія незразумелыя нясуць на нашае лісце атруту. Мне боязна дыхнуць на поўныя грудзі — перашкаджае нешта...
Ляснік як быццам адчуў сваё дачыненне да ўсяго таго, што адбывалася на яго вачах. Усё сказанае супадала з яго думкамі.
— Пайшлі, ляснік.
— Куды, Ярка, скажы?
— На Ігналеву палянку. За Княжына — дзе некалі мы збіраліся на веча, як Вятчынка кіраваў ходам нашага паўстання. Там мы рашалі свае планы, намячалі, у якога багацея адабраць скарбы і каму з бедных аддаць. Мы шанавалі чалавечы гонар. Бо любілі сваю зямельку. Мы абаранялі яе ад ворага — свайго і чужога. Хацелі вам пакінуць у спадчыну ўрадлівай і прыгожай. Рэкі — поўныя рыбы, лясы — са звярамі, грыбамі і ягадамі. Сонца і чыстае неба.
— Як ты правільна і прыгожа гаворыш. А якая, цікава, у цябе, Ярка, адукацыя?