Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 206
Анатоль Бароўскі
Ідучы, Косцік адно шкадаваў: на людзях бы гэта сустрэча. Каб хаця адзін спрымачовец убачыў і пачуў.
А з Зарэччам Косцік так, для праверкі. Хадзілі такія чуткі. Жанчыны з Зарэчча быццам бы прызнавалі яго, але доказаў не было. Тое і ўратавала Жамойду.
Як перайшоў брод, пачуў ззаду стрэлы — адзін, другі...
«То не па мне страляў, канечне. Але ў неба, разганяючы птаства і свой страх. А мог бы і парашыць. І канцоў не знайшлі б».
Толькі цяпер адчуў, як слаба падрыгвалі ногі і нервова пачала тузацца левая нага. Нялёгка даўся жарт.
Праклён неба
Да Косціка млявасць падступілася адразу, як толькі перайшоў Міколікаў брод. Цененька звінела ўвушшу, забалелі вочы — бы хто сыпануў пяском. Ногі сталі чужыя, непаслухмяныя. Было жаданне дзе-небудзь прылегчы. Адчуў, зразумеў: напаткала бяда, насцігла ўсё-ткі і тая хвароба, учапілася кашчавымі пальцамі-кіпцюрамі... Даўно не турбавала — гадоў з восем.
Назад ужо не вярнуцца — позна. Успомніў, што быў недалёка ад Яркавага дуба, пакіраваў да яго. Там будзе чакаць Яе прыходу. Там яго ахопіць здранцвенне і глухата да ўсяго навакольнага. Ён як усё роўна здаваўся ў палон свайму злейшаму ворагу і ўжо нічога з сабой парабіць не мог. Ведаў, што працівіцца дарэмна.
На хаду выняў з кішэні два зарады і паклаў іх пад корань сасны — прыгроб лісцем. Потым забярэ, бо хутка ён ужо не будзе адказваць за свае ўчынкі, і невядома, што можа здарыцца, калі ў руках будзе зараджанае ружжо...
Да дуба ён амаль дабег і абрадаваўся, што апярэдзіў Яе. Ад гэтага стала весялей — цяпер ужо нічога, цяпер ён можа ўпасці на мяккае лісце і спакойна чакаць, калі на яго абрынецца памарака.
Ён ужо нават весела падганяў няпрошаную госцю — ну, давай, чаго саромеешся? Ты ж стукаешся ў сэрца, у душу, жорстка скруціш усяго, павяжаш рукі і ногі. І розум, і памяць. Нашлеш глухату, зробіш сляпым і безабаронным. Ну, давай, ну, чаго спынілася? Мо спалохалася, гадаўка, га? Давай, здзекаваліся. Не дабіў фашыст і бандыты, то ты пастарайся ўжо, не падвядзі!
Падумаў і адкінуў ад сябе стрэльбу. Каб і яна не была пад рукамі. Косцік набраў поўныя грудзі паветра, выдыхнуў яго, развёў рукамі, раскінуў іх.
— Чаго маўчыш, Ярка? Бачыш, дружа, як мяне абходжвае мая палюбоўніца? Во ўлюбілася, братка, во як абдымае-цалуе, з абдымкаў сваіх не выпускае, у клешні ўшчамляе. Думаў, што забылася на мяне, разлюбіла, што Жыльскі памог ад яе пазбавіцца, а яна, бач, у каханні мне зноў спавядаецца. Во шэльма, каб яе панос праняў... Ну й дзяла!
Косцік гаварыў, каб не маўчаць, каб і не думаць ні пра што. Асабліва пра тое, чаго баяўся — што няпрошана насоўвалася на яго.
— Падкажы, Ярка, што рабіць? Як уцячы ад яе, маёй палюбоўніцы? Бо я яе і ў твар нават не ведаю. Мо пачвара якая гідкая, падкажы, Ярка?
— А чаму б і не? Я ведаю, браце, як ад яе вызваліцца.
Голас зляцеў аднекуль зверху — разам з пошумам галін. Але Косцік не здзівіўся, нават абрадаваўся, што знайшоўся ў яго субяседнік, з кім можна пагаварыць, перакінуцца словам-другім.