Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 181

Анатоль Бароўскі

Ладуцька быў дома.

У печы весела лізала дровы полымя, цягнулася ў комін. Пры агні стаялі чыгункі і гаршчэчак — дзед гатаваў сняданак.

— Праходзь, Альшанская, праходзь, — запрасіў Мікіта, сумеўшыся — не чакаў у такі час гасцей, сам не прыбраўся і ў хаце непарадак. Дзед ніколі не называў Вікцю па прозвішчу мужа, як і спрымачоўцы не называлі яе Жамойдзіхай. — У нагах праўды няма, калюх-калюха, сядай, грэйся...

Вікця прайшла за печ, зняла кажушок і паклала яго па ложак, развязала хустку і кінула туды ж, пахукала на рукі:

— І пячэ ж сёння, у рукавіцах рукі ў шпары заходзяцца.

— Дні такія цяпер, Адамаўна, калі зіма з вясною бораюцца. А ты ля печы стань, сагрэйся — у мяне холадна. Не паліў, учора ў Мазыр ездзіў...

— Я не змерзла, дзядуля, рукі вось толькі...

Вікця ў Ладуцькі не першы раз. Хату яго ведае, як сваю. І фотакарткі ў рамках, на сцяне, ёй добра вядомыя. Разглядаць, звычайна, пачынала з той фатаграфіі, дзе была знята Ладуцькава сям'я. Карткі пажоўклі ад часу, але ад таго і было ў іх больш таямнічасці і прыцягальнасці. Яна шукала падабенства Ладуцькі з тым, маладым, калі ў яго нарадзіліся дзеці, і знаходзіла знаёмыя рысы.

Але найбольшую ўвагу прыцягвала фота, што было асобна ад усіх — Ладуцькі і Косціка.

Да старога прыязджаў нейкі хлопец з рэспубліканскай газеты, неўпрыкмет сфатаграфаваў іх, як сядзелі на прызбе. Дзед і не ведаў пра тое. А пазней поштай пераслаў старому, з адваротнага боку напісаў: «Ведаю, што не любіце здымацца, таму зняў без дазволу. Не крыўдуйце».

Пакуль Вікця ўглядалася ў картачкі — доўга і пільна, асабліва ў твар Косціка, які весела смяяўся, трымаючы каля шчакі далонь. Ладуцька расстаўляў на стале кубкі і сподкі, цукеркі-падушачкі высыпаў у талерку, слоік з варэннем паставіў.

— Ты, ета самае, калюх-калюха, хадзі, Вікця, да стала — усё гатовае, на два бокі... — клікаў, радасна мітусіўся дзед, незаўважна для Вікці чыстую сарочку надзеў, крэсла дубовае, самаробкавае, для яе паставіў — з высокай спінкай. — Сядай, снедаць будзем... Даўно мы з табой вось так сядзелі...

— Ды ўсё не выпадала. А калі заходзіла разы са два, то вас не было.

Вікця не хлусіла — адчыняла дзедавы веснікі. Без патрэбы заходзіла, з работы вярталася, перакінуцца словам хацела.

— Ды і бегаю, ніколі дома не стыкаюся, — згадзіўся дзед, сеўшы ўжо з другога боку стала — насупраць Вікці. — Таму і не заспела.

Барада ў дзеда знікала дзесьці пад сталом — шыкоўная, кудлатая, відаць жа, даглядае яе дзед, мые, расчэсвае. Стары любіў чысціню — не ў кожнай гаспадыні так чыста ў хаце, як у яго. Ужо дзеду за дзевяноста, аніколі не чапляў на нос акуляраў. І глядзеў ён на яе чыстымі і светлымі, бы дзіцячымі, вачыма. Пазіраў пранікліва, заглядваў, здаецца, у самую душу, каб і схлусіць хацела, то не змагла б.

Уздыхнула — і выдала сябе, што камень ляжыць на сэрцы — ні спаць не магла, ні на работу хадзіць. Дзед кубак на стол паставіў, праз кудлатыя бровы зіркануў на яе: