Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 179

Анатоль Бароўскі

— Дзякую, Канстанцін Мінавіч. Я зразумеў твой намёк: бяры, сакратар, спытай апошні мядок, бо такога больш не ўбачыш... Хітры ты, аднак, Міхалап.

— Ды які ўжо ўдаўся, — Косцік адчуў, што не крыўдуе сакратар, разумее ўсё і размову вунь як павярнуў. — Верасовы мёд, лясны." З тых мясцін, дзе некалі ў зямлянках жылі.

— Быў я там гады тры назад. Ездзіў на сустрэчу з партызанамі. Чаго ж цябе не сустрэў?

— Ды не мог адлучыцца. Пажары спакою не давалі.

— А як жывуць Міхал, Ладзік?

— Ды нічога. Прывітанне перадавалі. Дзякуй вам... Што добрым словам партызан успомнілі. І мяне не забылі. Мы са школьнікамі аднавілі некалькі зямлянак. Думаем там лясны музей стварыць.

— Гэта добра, Канстанцін Мінавіч, — прамовіў задумліва Громаў, прыплюснуўшы павекі, пацёр далонню падбароддзе. — Добрую справу задумалі.

Галава ў сакратара белая, як пялёсткамі абсыпана. Пісяг то паяўляецца, то знікае.

«Кожнага чым-небудзь чапнула вайна, — глядзеў на яго Міхалап, — і табе, камандзір, дасталося па самую завязачку. То ж, як прыйшлі нашы, ты ў войска падаўся, ваяваў далей — ды і не радавым, камандзірам, за жыцці людзей адказваў».

Громаў уздыхнуў, адпіў астылы чай.

— Слухаю, братка, цябе, уважліва слухаю.

Ні словам не абзываўся загадчык аддзела — лавіў кожнае слова, з цікавасцю глядзеў на госця.

— Пісаў я пра ўсё гэта ў райком партыі. Не мог больш цярпець... Доўга маўчалі, а потым кораценька адказалі: «Прымем меры». А якія меры? Усё, як гінула, так і гіне сёння. Як хаўрусавалі з былым паліцаем начальнікі, так і сябруюць, каньякі п'юць. Ну, я не вытрымаў і да першага ў райком. Не пусціла сакратарка — заняты сакратар. Дык я з другога заходу — ды напралом. І хто, вы думаеце, сядзеў і гарбату піў з сакратаром у кабінеце? Паліцай... Помніце, мы на заданні былі, і вам расказвалі, што мы са Жменькам на засаду нарваліся? Ён тады вылузаўся. А потым жа ён мяне, паўжывога, у канаву закопваў, каб машына мяне раздушыла. Гэта калі я іх заспеў за крадзяжом лесу.

— Калі гэта было?

— На трэцім годзе пасля вайны. А як зайшоў да сакратара, значыць, убачыў і ўчапіўся ў яго. «Пазнаеш, гад, мяне?» — пытаюся. А сакратар мне кажа: «Выйдзіце з кабінета, вы п'яны...» А потым сустрэў Стася Мілёнка, што на жалезку разам хадзілі. У Данбасе ён, шахцёр. Ну і выпілі па кроплі... Тут і міліцыя ў забягалаўку зайшла — пэўна, сакратар даў указанне мяне пасадзіць. Мяне пад рукі — і на пятнаццаць сутак.

— Адседзеў?

— Ад званка да званка. Як на міне, Піліпавіч, падарваўся. На казённыя харчы сеў. Жамойда рагатаў з мяне, здзекаваўся: «Ну, што, знайшоў праўду?»

Леанід Піліпавіч нахмурыўся, пісяжок зноў пачырванеў, паглядзеў на Анатоля Ігнатавіча:

— Вазьмі гэты факт на кантроль. І я пазваню цяпер у Еньск.

Ён набраў нумар, чакаў, глядзеў то на Косціка, то на тэлефон.