Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 180
Анатоль Бароўскі
— Віктар Аляксандравіч? Дзень добры... Справы як? Пытанне ў мяне. Ты не памятаеш, заходзіў месяцы тры назад да цябе ляснік са Спрымачова. Міхалап, ён сапраўды быў п'яны, як зайшоў да цябе? Не ведаеш? А што пра паліцая сказаў табе? Не паверыў. Далажыў куды трэба? А што трымалі яго паўмесяца ў КПЗ — ведаеш? Не ведаеш... Кепска, Віктар Аляксандравіч, ой, як кепска. А ён да цябе з чыстай душой ехаў і мог шмат чаго цікавага расказаць. Калі ласка, на бюро прыедзь са справаздачай аб ахове прыроды. І не ружовыя паказчыкі і лічбы, мы імі ўжо аб'еліся, а толькі праўду. Праўду, якую ты не захацеў слухаць. А з паліцаям ты даў прамашку. Што ж, у мяне ўсё...
Трубка легла на сваё месца.
Косцік сядзеў і мучыўся: з-за яго языка перапала чалавеку на абаранкі.
— Паехалі далей, Канстанцін Мінавіч...
Вікця заснула адразу, як легла. Пад раніцу прысніўся ёй страшны сон. Быццам схапіла Косціка немчура, калі ён прыходзіў да яе ноччу — з партызанскага лагера. Звязалі, збілі яго, аж чорны стаў, бы сопуха, і пацягнулі з Жамойдам яго некуды падпашкі — ісці ён ужо не мог, не трымалі ногі. Вікця бегла следам, адчуваючы сваю віну — з-за яе ўсё атрымалася, толькі з-за яе. Таму хацела выратаваць яго, вымаліць у карнікаў і паліцаяў, сказаць, што ён тут ні пры чым, то яна ва ўсім вінаватая — ён праведваў яе, лякарства прыносіў. Загіне ні за што. Бегла, але ўсё чамусьці ніяк не магла іх дагнаць, як ні напручвалася хутка ісці. Перастаўляла цяжкія ногі, быццам бегла на дне Прыпяці, паўтаралі адну і тую ж малітву: «Косцічак, любы, не загінь, вырвіся з чорных лап смерці, ты ж дужы і смелы, зрабі штонебудзь... Косціча-ак! Не загі-іінь!..»
Не хапала дыхання, сэрца білася, гатовае выскачыць з грудзей. Наперадзе, на дарозе, было шмат слядоў — ад каваных нямецкіх ботаў, і ўсе іх перакрэслівалі дзве невялічкія канаўкі-баразёнкі — пяткі ад босых ног...
Потым яна ўпала грудзьмі на здратаваны каванымі ботамі амаль чорны снег. Не падымаючы галавы, адчула, як тупат ног набліжаўся ў яе бок, рабіўся мацнейшы і больш пагрозлівы. І немчура, як зграя ваўкоў, падмяла яе пад сябе, не выпускаючы Міхалапа — акрываўленага, босага, і ўжо, здаецца, нежывога. Яна выдаўжыла рукі, скрозь слёзы крычала:
— Вярніся, Косці... Косці-іі!..
Нехта сціскаў яе у моцных руках, тармасіў, але яна не вырывалася, крычала незразумелае і страшнае.
— Ды прачніся ты, Вікця, чуеш? — крычаў над вухам спалоханы Жамойда.
Яна прахапілася.
Трывога пасялілася ў яе сэрца. Жамойда дапытваўся, што з ёю, што снілася. Не адказала, уздыхнула цяжка, адвярнулася да сцяны.
— Святло тушыць?
Не адказала.
Ён пстрыкнуў выключальнікам. Калі лёг побач, дакрануўся бокам да яе спіны, адчула чужое, халоднае, бы лёд, цела. І сама такой жа рабілася — з кожным днём.
Карцела схадзіць да Ладуцькі. Яму яна давярала, як самой сабе. Ён быў адзіным чалавекам, да якога яна ішла смела і без аглядкі, ішла, як да доктара, верачы, што ён паможа. Ішла, як да дарадцы, маючы надзею, што пойдзе ад яго супакоеная і з поўнай яснасцю думак. Пэўна, з такіх, думала Вікця, і выходзілі некалі святары — не тыя, хітрыя і хцівыя, а шчырыя, якія добрым і прачулым словам супакойвалі душэўны стан чыёйсьці збалелай душы, памагалі знайсці невядомую дагэтуль у сабе сілу.