Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 178

Анатоль Бароўскі

Міхалап расчасаў пяцярнёю рэдзенькія валасы, вінавата паглядзеў на Громава:

— Мо я не пра тое?

— Не рабей, разведка, і пра гэта цікава. А ты, Анатоль Ігнатавіч, памячай і на вус матай...

Косцік замоўк, зноў прыкурыў, у адну кропку зрок скіраваўшы.

— Дык пра што я? Ага... Наязджаюць невядома адкуль паляўнічыя, страляюць без разбору і абы-дзе. Як удараць з усіх ствалоў... І міліцыя разам з імі. Я сунуўся раз у свой абход, а яны ачапленне трымаюць і да мяне: «Дзядзька, вам не паложана сюды, вучэнні тут...» Я кажу, што мне ўсюды паложана, бо то мой абход, што я ляснік. А ён на мяне: «Пшоў адсюль!..» Я потым ноччу падыходзіў да іх «вучэнняў», дык бачыў, што яны каля кастра ўчынялі. Каньяк, свежаніна, і стражы парадку дэгустацыяй занятыя. І сам начальнік міліцыі.

Зноў жа я не пра тое, як нагаворы вяду сядно... А во, спаймаў думку...

Ён похапкам зноў прыкурыў, засмяяўся:

— Кажуць, калі ў каго цыгарэта тухне, у таго і жонка гуляе. Прыеду, спытаю, ці праўда.

Міхалапа пачалі прабіраць нервовыя дрыжыкі, і каб таго не заўважылі Громаў і загадчык аддзела, за жарты хаваўся.

— Вы ніколі не чулі, як плача, крычыць зямля? Не? А я чуў. Кожны дзень чую. Праз дрэвы чую, праз травы, праз ваду...

Косцік выдыхнуў паветра, глядзіць на сябе як бы збоку — ці не заносіць яго надта. І, надзіва, застаўся задаволены: «Так і давай — толькі спакойна, спакваля, без аглядкі на няёмкасць».

— Ніколі не магу забыць малюнак з дзяцінства. Плаваць я вельмі любіў. Асабліва нырца даваць. Нырнеш на дно, раскрыеш вочы, і — Божа мой! — вачэй не адвесці: прыгажосць такая, што не апісаць, слоў такіх не знойдзеш. І трава на дне бачна, і водарасці, рыба здзіўленая плавае перад вачамі, бы пытаецца: «Чаго ты тут, чалавеча? Тваё ж месца наверсе, дзе сонца...»

Зазваніў тэлефон. Громаў коратка адказаў, паклаў трубку.

— Вадзіца — чысценькая-чысценькая, як вымытае шкло. А колькі я рыбы лавіў таптухаю. Ды якой рыбы! Раз-два боўтнеш нагой — і торбачка поўная. Пазалетась, помню, іду з абходу, спыніўся каля ракі ў спякоту.

Дай, думаю, выкупаюся, астыну. Нырнуў — і, як некалі, захацелася зірнуць, пасаладзіць душу дзіцячым напамінкам. — Косцік уздыхнуў, паківаў галавой, таргануўся востры кадык. — Раскрыць-то я раскрыў, але ж і выскачыў адтуль, як ашпараны — вочы разанула так, што ледзьве дабег да Карабковай, нашай дакторкі. Света божага не бачыў... Забрудзілі рэчку, сапсавалі яе — вось-вось загіне... А рыбай там цяпер і не пахне. Можа, збоку і смешна слухаць — як нырца даваў малым? А чаму я гавару ўсё? Ды навошта той свінакомплекс будаваць каля самай ракі? На беразе ракі аж тры саўгасы і калгасы.

— Бяздумна, канечне, — згадзіўся сакратар.

— Саўгасы пабудавалі машынныя двары. Мыюць трактары і машыны. Усё сцякае ў раку — праз верх бензін і салярка. Зноў у раку, яна стрымае, яна сцерпіць. І плывуць вясёлкавыя плямы па задзе — на згубу рыбам і ўсяму жывому. Бусел баіцца ў такую ваду лезці корм шукаць — чуе, што атрутай пахне. Дарэчы, з-за мінеральных угнаенняў загінула трыццаць пчаліных сем'яў у лясніцтве.

— Трыццаць?

— Ага. Больш палавіны. І з зямлі — на зямлю, і з паветра — самалётамі. Усё жукоў травяць, угнаенні сыплюць. А сыплецца ўсё жывое. Я бортню ў Чэрцені паставіў сабе на дубе, туды хімія не даходзіць — мядок атрымаўся добры і пчолы цэлыя. Я ж і забыўся, я яго з сабой узяў. Вось з чайком і добра.