Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 20

Анатоль Бароўскі

А месячык ужо свяціў у твар.

У вокнах насупраць ужо даўно пагасла святло — людзі даўно спалі. Толькі свяцілася акно ў адзінокай бабулькі, якая ніколі, здаецца, ноччу і не спала. Наташа не раз думала: а што, калі ўзяць ды пастукаць да яе ў дзверы, зайсці і сказаць: «Бабулька, і мне не спіцца начамі. Давайце расказваць адна адной пра сябе — і радаснае, і сумнае. І час хутка праляціць». Цікава, як бы аднеслася яна да такой прапановы?

Усё ж прыйшоў час, калі яна пакінула падваконне — прычыніла акно, распранулася і нырнула пад халодную коўдру.

...і яшчэ доўга не ішоў да яе сон.

6.

З яго акна бачны цэлы свет.

Праз шыбы ён глядзіць далёка-далёка. Далей за ўсіх і глыбей за ўсіх. Разумеў і адчуваў кожным сваім спакутаваным нервам жыццё зямлі і людзей.

Аднаму яму і было вядома, як тое яму ўдаецца.

У расчыненым насцеж акне — цэлы сусвет.

Ён не скора прывык да сваёй бяды. Амаль год сніліся кашмары. Кідаўся, крычаў, усхопліваўся з ложка, хацеў некуды бегчы. Маці, Галіна Аляксандраўна, перажывала за яго, хвалявалася, начамі сядзела побач...

Аднаго разу яго пакінулі сілы — душэўныя і фізічныя. Ім апанаваў адчай. З аднакласніцай Зойкай, прыгажуняй і неўталонніцай, у якой былі льняныя кудзеркі і кірпаты носік, два гады сядзелі разам за адной партай.

Калі ж ён захварэў, прыбягала да яго як не штодня. Пасля паступіла ў інстытут замежных моў. Напачатку дзяўчына закідвала яго пісьмамі — перадавала на паперы свае ўражанні, каб ён праз яе радкі глядзеў на той, яе свет. І бегаў разам на стадыёне, хадзіў у паходы, размаўляў з іншаземцамі, якія разам вучыліся з ёю, перажываў на экзаменах, прысутнічаў на студэнцкіх вечарынках...

Паштальёнка, гарэзлівая дзяўчына Анюта, раней як не штодня падыходзіла да яго акна, якое заўсёды было расчынена, клала перад ім канверт — а то і два, смяялася, паказваючы на сумку:

— Адрывае плячо ад Зойчыных пісьмаў. Як з аўтамата строчыць...

Як сурочыла ўсё роўна, як пазайздросціла іхняму шчасцю. Бо з таго часу да яго акна прыходзіць радзей і радзей. А потым і зусім перастала. Пошту — газеты і часопісы — клала ў паштовую скрынку, што была прымацавана з другога боку хаты. Ён чытво забіраў сам — пад'язджаў на калясцы да другога акна, прасоўваў руку і даставаў скрынку.

Анюта як адчувала сваю віну — старалася не паказвацца на вочы. Пазбягала, каб не бачыць яго балючае чаканне.

Праз два месяцы і прыйшоў той адчай, ад якога ён не мог ніяк вызваліцца. Ды і бацька пачаў часцей сніцца, вясёлым такім, гаваркім бачыўся, усё клікаў яго: «Пайшлі, сын, у нашую вёску. Там цяпер такія ігрышчы, так весела і добра... Маіх бацькоў пабачыш, продкаў, значыць, сваіх...»

Нясцерпна балела сэрца. Калола штодня і штоночы ў скроні. Дактары давалі ўколы, на нейкі момант сцішвалі боль. Але пакуты з цягам часу падступалі з новай сілай і апантанасцю. І па яго жылах, здавалася, цякла не кроў, а распаленая магма вулкана. Нервы яго рваліся, як гнілыя вяроўкі. Застаўшыся дома адзін, плакаў ад безвыходнасці, не ведаў, як пазбавіцца ад пакут.