Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 176

Анатоль Бароўскі

— Таксама добра.

Зноў маўчанне. Зноў размова пі аб тым, ні аб сім.

«А, не буду нічога расказваць, — рашыў Міхалап, грэючыся гарбатай, абдымаў шклянку шурпатымі далонямі. — Мо калі як іншым прыездам...»

Зазваніў на стале тэлефон, але Леанід Піліпавіч сядзеў, не падымаўся.

— Як там у вас, звер водзіцца?

«Э, цябе не правядзеш, пачынаеш здалёк, адчуваеш, з-за чаго прыехаў...»

— Ды як сказаць — дзе водзіцца, а дзе ўжо і не. Не толькі звер, а рыба. Бусел не хоча сяліцца, пчолы гінуць... — не заўважыў, як завёўся — сакратар наступіў на балючае.— А, што гаварыць... Чалавек зверам зрабіўся, Лявон Піліпавіч...

Громаў нахмурыўся, і на твары выразна абазначыўся шрам — сіпі пісяг на левай шчацэ, каля вока. Толькі цяпер яго заўважыў Косцік — чаму раней не прыкмеціў? — сядзіць жа Піліпавіч побач, вочы ў вочы, гадзіну ўжо, можа, клопаты свае пакінуўшы, во на яго свой час пераводзячы... Помніў, калі паласнуў асколак — у баі пад Макаўкай, калі вырываліся з блакады...

— З-за гэтага прыехаў? — спытаў ціха сакратар, падступіўшыся да самага галоўнага, прыжмурыўся, пільна паглядзеў на лесніка.

— Дык жа цярпення, Піліпавіч, не хапае. Кругом такое творыцца, што міжволі думаеш: няўжо чалавек здатны на такое? Мы ж сук сячэм, на якім сядзім. Як чмякнемся, касцей не збяром, гэта ўжо точна. Над безданню сядзім...

— Правільна кажаш, Міхалап. Без прыроды — мы нішто. Раскажы, брат падрабязней — хто-хто, а ты пра ўсё ведаеш лепш за ўсіх...

«Вось і падышлі, здаецца, да таго, да патрэбнага. Але як расказаць, як перакапаць, каб і ён адчуў тое. што і я адчуваю. Ці здолею, ці за тое ўзяўся? Божа, гэта ж не ў маім лесе з дрэвамі гаварыць, там і сфальшывіш, не так скажаш ці не так падумаеш — дуб не папракне, бяроза змоўчыць. У суладдзі я з імі — і бацька ім, і сын, і гаспадар...»

Зноў зазумкаў тэлефон — працяжна, меладычна, міргаючы светлым вочкам, паміргаў і перастаў.

— Яшчэ гарбаты?

— Не, не, — паспешліва адмовіўся Косцік, быццам гэта магло перашкодзіць іх размове. — Напіўся і сагрэўся, дзякую. Захачу, дык потым мо. А можа, я не да часу? — спахапіўся раптам, трывожна глянуўшы на тэлефон. — Мо не да мяне цяпер? Маё ж не гарыць...

— Гарыць, Канстанцін, яшчэ і як гарыць. Іншы едзе за сотню кіламетраў, каб прасіць нешта сабе. А ты вунь з-за чаго — з-за матухны-прыроды...

Громаў нешта ўспомніў, пазначыў алоўкам на настольным календары.

— Прызнаюся, я займаюся гэтым пытаннем. Так што ты па адрасу звярнуўся. І мяне гэта хвалюе і непакоіць. Як сакратара і жыхара зямлі. Гэта павінна турбаваць усіх без выключэння людзей. Не магу сказаць, што ўсе абыякавыя. Пішуць, звоняць, калі што ў вочы кінецца. Мо не да ўсяго рукі даходзяць, мо і мы дзе памылку дапускаем...

«Не, не памыліўся я ў табе, Піліпавіч. Бог бачыць, што не памыліўся, — падумаў сам сабе Міхалап, беручы з пачка цыгарэціну. — Значыць, і табе трохі вядома пра ўсё, не за глухой сцяной сядзіш. Што ж, трымайся, слухай, табе сёння слухаць не пераслухаць, што ўва мне накіпела... Мо што і не даспадобы, мо што і не так скажу, на тое, брат, прабачай...»