Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 165

Анатоль Бароўскі

Побач з ім сядзеў каржакаваты мужчына з партфелем на каленях, нервова барабаніў пальцамі па жоўтым, выцертым баку. Далей — прымасцілася нясмела жанчына ў квяцістай хустцы, але глядзела на белы свет смялей, нават усміхалася куточкамі вуснаў, думаючы пра нешта сваё — пэўна, радаснае. Прама і з годнасцю сядзеў ваенны, глядзеў за акно — безуважна і спакойна, нечага і ён хацеў ад сакратара, а мо і сам той паклікаў.

Дзверы, абабітыя чорным дзермацінам, расчыніліся, і з кабінета сакратара выйшаў мажны мужчына, ён цяжка грукаў чаравікамі — распацелы, быццам з парылкі. Не гледзячы ні на кога, падаўся адразу да дзвярэй, кашлянуўшы моцна ў кулак.

Жанчына схадзіла да сакратара, хутка вярнулася.

— Таварыш маёр, вас чакаюць, — звярнулася яна да ваеннага, пакінуўшы прычыненыя дзверы. — А вам, Канстанцін Мінавіч, прыйдзецца прыехаць пазней. Сёння сапраўды ў Віктара Аляксандравіча няма часу — і праз гадзіну паседжанне.

«Дарэмна ехаў, дзень толькі патраціў марна. Яшчэ дазнаецца Лукаш, што не быў на рабоце, то будзе ўзбучкі. Не шанцуе, не шанцуе, а потым як... не пашанцуе...»

— А калі гэта — пазней? Праз месяц, год? — удакладніў Міхалап, устаючы з крэсла.

— Віктар Аляксандравіч канкрэтна не гаварыў, але вы самі скажыце, калі вам зручна прыехаць — і я запішу той дзень.

— Тады мо позна будзе. Мне цяпер трэба. Ды і не мне, па-сутнасці, а лесу, жыхарам яго. Эх, і тут не прабіцца, а я думаў...

— Я ж вам тлумачу, скажыце, у які прыёмны дзень вы зможаце прыехаць, і вас прыме сакратар, — узяла жанчына зялёны сшытак, але Косцік больш нічога не гаварыў, выйшаў за дзверы і пайшоў па вузкім і доўгім калідоры.

На вуліцы закурыў. Упершыню за ранак. Падціскала нешта пад грудзі, як нудзіла. Ад крыўды, ад людской глухаты, ад абыякавасці Дзягцяра і тых, хто не хацеў пачуць яго, выслухаць. У чыіх руках той закон, закон, які мог бы ўсё перайначыць і палепшыць?

«А куды цяпер? Дадому? Так нічога і не выхадзіўшы? У міліцыю ж не пойдзеш, не скажаш, што гэта вунь Дзягцяр патравіў зайцоў і цецерукоў. Дакажы яшчэ гэта. Тхарэнка дакажа адваротнае... А да хіматрада таксама не падкапаешся — усё ж робяць па закону. Але — па якому закону? Хто павінен несці кару? І глум кругом, і вінаватых няма? Ну, няўжо там, у Маскве, кіраўнікі нашы, партыйныя і дзяржаўныя, не ведаюць, што робіцца такое? Глухія ці сляпыя? Хто мне скажа? Пры Сталіну баяліся. «Чорнага ворана баяліся». Цяпер суцэльны крадзеж і глумленне, а вінаватых няма... Так, я ж і забыўся, у краму трэба зазірнуць. Але ж ні сеткі, ні грошай. Як на пагулянку ехаў. Сабраў некалькі чырвонцаў на хлеб і кілбасу.

Адчаяўся Косцік. Не было з кім параіцца. Карабкоў у Крым паехаў далечвацца. І неяк само сабой прыйшло на думку параіцца з Васілёнкам — дырэктарам лясгаса. Як-ніяк партызанілі разам, начальнікам штаба быў у Громава, мо б ён што падказаў, надаўміў...