Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 154
Анатоль Бароўскі
Сучка насілася ад дрэва да дрэва, нырала ў глыбокі снег, пачуўшы, як пад носам пішчалі мышы-палёўкі. А то цахлела за зайцам, якога ўспарола нечакана пад кустом, і брахала там, пужаючы хіба што цішыню.
Стась ведаў, што яна прыдурваецца, дае выйсце сваёй неўтаймаванасці. А то яна нападала на сапраўдны след, і голас быў ужо іншы, рэдкі і зазыўны. І гнала касога на тое месца, дзе стаяў гаспадар. А ляснік нават і стрэльбы з пляча не здымаў, далоньмі ляскаў, праганяў ад сябе касога. Не разумела Клякса, зноў заганяла вушасціка — і зноў маўчала стрэльба.
А потым сучка ацішэла, натамілася. І ўжо адбягалася недалёка ад Міхалапаў, прынюхвалася безуважна да снегу, зразумела, што ішлі не на паляванне.
А Стась не пераставаў радавацца марознай раніцы, лясной цішыні. За Вятчынкай падымалася ўжо сонца. Яго яшчэ не было відаць, толькі слабыя водсветы пруціліся ў неба. Першая радасць у сына зменшылася, пацішэла, і Косцік чакаў, калі ён стоміцца і пойдзе за ім — так будзе лягчэй абаім. Але сын упарціўся, сунуўся па снезе, хаця ўжо не з такім імпэтам як напачатку.
— Натаміўся?
— Неа, — пакруціў галавой сын, паглядаў на бацьку, паклікаў Кляксу — знікла некуды, не паказвалася на вочы — рэха вавёркай паскакала па галінах...
— І не змерз?
— Хто ж, ідучы, мерзне? — смяяўся сын і зноў пагукаў сучку.
Дыхалася лёгка, на ўсе грудзі, ад хады стала ўжо горача, і Косцік расшпіліў кажушок. Выяснілася неба, падужэла сонца. Снег пабялеў яшчэ больш, з рафінаднага, напаўеіняга, ператварыўся ў чыста-белы, пераліваўся іскрынкамі пад сонцам — ужо калоў вочы.
— Тата, зірні! — раскрыў здзіўлена вочы Стась, прыставіўшы руку да лба. — Хоць карціну малюй.
Перад імі, на схіле, стаялі дзве бярозкі, бы блізняты. Косы белыя-белыя, звісаюць да каранёў — і вецер яшчэ спаў з грабянцом, не расчэсваў іх, унізе стажок з белай шапкай на вільчыку. Далей вынес высока ў неба шаты магутны дуб — сам сівы, нібы волат-лесавік. На снежным нерушы ніводнага следу. Нават ісці наперад няёмка — ступі і парушыш усё, як разаб'еш неасцярожным рухам нешта крохкае, казачнае...
— А чаго ж не намалюеш?
— Бо не ўмею.
— Дык чаму ж у школе вас тады вучаць? — Косцік спыніўся, глядзеў ужо ўверх — прыглядаўся да сасны: трэба было ўжо даўно пачаць ачыстку лесу ў гэтым квартале, даўно ў начальства рукі не даходзяць. — Толькі ногі топчаш, скажу табе.
— Ды ў нашым класе ніхто не ўмее маляваць, — апраўдваўся сын, не зразумеўшы бацькавага папроку. — Во Сяргей умее маляваць, — не адрываўся ад навакольнага пейзажу, — і ніхто яго гэтаму не вучыў...
— Дык то ж Сяргей і не такі свавольнік, як ты, — глядзеў бацька на сына і ўсміхаўся — бровы сталі белыя, і шапка-аблавушка такая ж — лесавік!
— А-а, — крутануў галавой сын і тут жа нахмурыўся, — бо вы з мамкай Сяргейку больш і любіце.
— А ты хіба не любіш яго? — невядома чаго і спытаў Косцік, зразумеў, што сын нечага раўнуе да старэйшага.
— Люблю.
— А мы вас усіх аднолькава любім — і цябе, і Сяргейку, Галю і Алеся.
Стась маўчаў, нешта абдумваў, паправіў сякерку і пайшоў далей. У вачах не то сум, не то крыўда.