Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 153
Анатоль Бароўскі
— Усё жыццё яму прыходзіцца лячыць цябе. То тлушчам барсучыным, то зёлкамі...
Дачка горка ўсміхнулася, згадзілася:
— Так ужо наканавана нам, што паробіш.
Яна і сама ведала пра той тлушч. Дазналася не ад маці. І не ад Косціка. Ладзік ненарокам выдаў тайну. Гаварыў не ёй, а Чыкану ў магазіне, за перагародкай, яе не бачачы, ён спрачаўся, даводзіў, што пры сухотах памагае барсучыны тлушч. Чыкан не згаджаўся. Тады Жменька і сказаў: «А Вікця вунь вылечылася. Косцік забіў двух барсукоў і натапіў тлушчу...»
А Жамойда ноччу пільнаваў партызан. Мог і забіць яго тады.
— Чаго не п'еш больш? Мо блага? — маці перабіла яе думкі.
— Блага, мамо. Ды не ад хваробы. Ад іншага.
Анэта і сама сябе даўно дакарала, што не ўберагла дачку. Бачыла ж, як надвячоркам пайшоў у хату. Не думала, што тым скончыцца для дачкі. Не любіць яна Жамойду і ніколі не палюбіць. Вунь пра Косціка слоўца сказала, а як успыхнула ўся — твар у жарынках.
— Нічога ўжо не пераменіш, доню. Жыць трэба...
— Апрацівела ўсё. І хата гэтая, і ён... З Косцікам, здаецца, адзін хлеб сухі ела б — і шчасця большага не жадала б.
Апошнія словы былі як прызнанне, як боль свой з сябе выняла, мацеры тайну сваю выдала, не ўтрымалася. Анэта доўга маўчала, глядзела пад ногі, уздыхнула, заплакала:
— То ты ж самая няшчасная, мая дачка. Ой, божухна ты мой, гора ў цябе. І я, дурная, спрыяла гэтаму.
Вікця сядзела на ложку маўклівая, безуважная да ўсяго. Заплюшчыла вочы. Як спала ўсё роўна.
— Эх, доню, доню...
Стась, як толькі прачнуўся, заўважыў у хаце ўрачыстую светласць — хаця была глыбокая ноч. ён кінуўся да акна, уткнуўся носам у халодную шыбіну, і яго апаліла шчымлівая радасць — снег, снег на дварэ!
Ён ціхенька падышоў да ложка, крануўся бацькавага пляча, паўшэптам, каб не пабудзіць Алеся і Галю, паведаміў радасна:
— Тата, снег на вуліцы... Пойдзем у лес?
Косцік прачнуўся, адразу зразумеў, што да чаго, адказаў:
— Пойдзем. Збірайся.
— І Кляксу возьмем?
— Ага.
Ціха сабраліся, ціха пакінулі хату.
Парыпваў снег, рэха гулка адлятала ў марознай цішы. Стась прыслухаўся да заснежанага церушу: толькі мяккая посвістка кацілася па вяршынях сосен.
Неўздалёк выразна абазначыліся сляды мацёрага — кружыў вакол Спрымачова, прынюхваўся.
Бярозы апранулі на сябе срэбныя карункі.
Сосны, абцяжараныя першым снегам, стаялі задуменна і ўрачыста.
Пачыналася свята першага снегу.
Сын упарта тэпаў першы, не згаджаўся ісці следам — ён першы адкрываў тое свята, кіраваў ім, дырыжыраваў. Раз-пораз аглядваўся — цікава, як адчувае сябе бацька? Ці гарыць і ў яго душы такая шчымлівая радасць, як і ў яго, Стася, ці святочны ў яго настрой? А мо ён і не адчувае яго свята, ходзячы штодня па сваіх сцежках.
Косцік ішоў і думаў пра сваё. Позірк у яго асветлены, быццам ачышчаны беллю снегу, задумліва-святочны. Рады Стась за бацьку, што і яго ранішні снег зрабіў нейкім іншым, больш мяккім душой і шчырым, па-дзіцячы непасрэдным — як зраўняліся ўсё роўна ва ўзросце...
Нагу Стась ставіў упэўнена, цвёрда, як дарослы, які выбраўся ў дарогу на цэлы дзень. І ведаў, што трэба ашчаджаць сілы. За дзягай у яго сякерка, паляўнічы нож.