Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 152

Анатоль Бароўскі

Па сценах скакалі чырвоныя водсветы, яны вырываліся праз акно на агарод — чырванілі на градах снег.

Сын паспеў абабраць бульбу, паставіў варыцца ў гаршчэчку. Вікця ўстала, пахадзіла па хаце, адчула, што вярнулася сіла. Яе радавала, што сын стараецца памагчы ёй, радавала, што расце не беларучкай, не цураецца ніякай работы.

У Асавец хадзіў у школу і Косцікаў Стась — на клас ніжэй за Валіка. Вясной і восенню хлопцы хадзілі ў паасобку, як хто ўпраўляўся. Зімой, калі пачыналіся траскучыя маразы і мялі калючыя завеі, збіраліся купкамі. І абавязкова з «вочай» — бляшанкай на дроце, з дзірачкамі, у якой гарэлі смалякі. Пакруціш колькі разоў, калі згасае, ізноў разгараецца полымя, толькі чорная копаць адлятае. Ваўкоў баяліся, шныралі яны на дарогах, перагравалі не раз. Але ратаваў вучняў агонь — шпурнеш у воўчую зграю, у жоўтыя светлячкі, і разбягаюцца шэрыя, падцяўшы хвасты...

Валік падаўся ў школу, у печы выгарала, і жару ўжо не было. Вікця прычыніла юшку, падмяла ў хаце.

Любіла яна чысціню. Як толькі пабраліся, да сварак даходзіла, калі Казімір з вуліцы пёрся на сярэдзіну хаты ў брудных ботах. Быў ён неахайны.

У сенцах бразнула клямка, рыпнулі дзверы. Ведала — маці. То яна заўсёды вобмацкам шукае клямку.

— То ты паднялася ўжо, доню?

— Колькі ж можна адлежвацца?

Маці паклала на кухонны стол вузельчык, развязала хустку-канаплянку, скінула плюшавую жакетку. Вікця абрадавалася — будзе з кім словам перакінуцца. За час хваробы ніхто і не наведаўся да яе. Акрамя Карабковай, якая прыносіла лякарства.

— Напаю я цябе, дачка, узварам зёлак, — Анэта лагодна заўсміхалася, засвяцілася радасцю — любіла сваю дачку. — Пасля ангіны добра горла прамыеш...

Вада ў чайніку закіпела хутка, і праз хвіліну па хаце паплыў водар маліны, чабору, іван-чая...

— Як летам у Княжына сядно, — Вікця зажмурыла вочы, удыхнула паветра. — Трава там у рост чалавека.

— А яна адтуль, траўка, — села маці на крэсла, чакала, калі настаіцца адвар. — Казаў, што там збіраў.

— Хто — дзед Мікіта?

— Ды не, Косцік.

Нешта ледзь улоўна таўханулася пад грудзьмі, як некалі Валік у жываце, — тоўк-тоўк нагой, але тарганулася вышэй, і яна злавіла сябе на тым, што ёй прыемна чуць пра яго.

Быў час касавіцы. Яна ішла з пакосаў і сустрэла яго — сядзеў пад Яркавым дубам, адпачываў. Акурат стагі склалі мужчыны, яны паехалі коньмі, а Косцік дабіраўся, як заўсёды, пехам.

— Здароў была, Вікця! — першым павітаўся ён, бо яна і не ўбачыла яго адразу.

— Здароў, Косцік.

— Сядзь адпачні, дадому разам пойдзем...

Яна села на траву, касынку зняла, кофту расшпіліла — было задушна.

І чым больш дражніў пах, тым яскравей паўставала ў яе памяці тое лета. Даўняе, памяткое, са спевам салаўёў, з пахам медуніцы і з незвычайна звонкай цішынёй — адно чулася, як звінелі нейкія званочкі каля іх вушэй. Такой цішыні яна не памятала пазней ніколі, а можа, тая была для іх асаблівая і найбольш памяткая?

Анэта паналівала гарбату ў белыя кубкі.