Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 151

Анатоль Бароўскі

— Ну і загаварыліся мы сёння з вамі як ніколі. Вунь ужо і днець пачало. Так, цяпер апошняе. Брыгада лесарубаў у зборы?

— Ага. Толькі ў адной піле ланцуг паляцеў.

— Са старой зніміце, якую рамантаваць збіраецеся. На пілу сёння каб не меней васемнаццаці кубоў было. Ясна?

— Ды ясна, — расцяжна адказаў за ўсіх Хіял, брыгадзір.

У кантору зайшла Анэля, ціха павіталася, гэпнула на стол важкую паштарскую сумку. Разагнала каля сябе тытунёвы дым, пачала выкладваць газеты і часопісы.

— За тры дні, Пятровіч,— не магла раней. І во пісьмяцо вам. Ад Карабкова.

Анэля выйшла, не зачыняла за сабою дзвярэй.

— Вы пра Карабкова скажыце. Калі ён прыступіць да работы? — Косцік не вытрымаў, зноў палез у спрэчку. — Гэта ж нехта з нас напісаў тую ананімку... Нехта ж хоча заняць яго месца.

— А можа, ты, Міхалап, і напісаў? — заўсміхаўся Казімір, заёрзаў на табурэтцы. — Ты ж любіш справядлівасць, вось і рашыў усё паставіць на месца.

Лукашэвіч нахмурыўся, сагнуў галаву, як што чытаў на стале. Пасур'ёзнеў, кашлянуў у кулак.

— Выходзіць, што я і пісаў. Я ж яго памочнік, — Рыгор Пятровіч прамовіў ціха, ні на кога не гледзячы.

Косцік зразумеў, што гэта адказ яму.

— Карабкоў даўно некаму папярок горла стаіць. Бо не дае разгарнуцца некаторым. Пры ім на ласяціну не прыязджалі б, не выносіць ён лізакаў.

— От прыстаў з той ласяцінай, як кароста да цела, — адвярнуўся да акна Жамойда — не спадабаліся словы Міхалапа.

— Да цябе ўжо даўно прыстала і не толькі кароста,— упікнуў яго Міхалап, не стрымаўся, каб не ўпікнуць, бо Казімір вельмі ж упэўнена трымаў сябе пры Лукашэвічу — пры Карабкове ён далёка ад стала сядзеў. І маўчаў. — Я прапаноўваю вось што: трэба нам напісаць агульнае пісьмо ў райком ці абком партыі. І падпісацца ўсім над ім. Абараніць нам трэба чалавека. Не будзе яго — пастраляюць ліс і баброў на футры лізаблюды, ласі пойдуць на каўбасу высокаму начальству...

Лукашэвіч маўчаў, адчуваў, што яго словы тут лішнія, непатрэбныя. Жамойда насупіўся, вочы схаваў пад калматымі бровамі.

— А што? Правільна кажа Косцік... — нечакана для ўсіх выказаў падтрымку Лукашэвіч, паглядаў на ўсіх. — Я першы падпішуся пад такім пісьмом... А цяпер мы скончым нашы дэбаты, як кажуць. Усім леснікам на нарыхтоўку драўніны. На цэлы тыдзень. У мяне ўсё...

Замітусіліся, загаварылі леснікі.

За акном ужо добра ўднелася — даўно так не заседжваліся.

Сыны

Вікця, адчуўшы, што перастала кідаць у жар, паклікала да сябе сына.

— То ты ўжо, Валічак, ідзі заўтра ў школу, не адставай у вучобе.

— Табе ўжо лепш? — сын сеў за стол, паглядаў на маці — выглядаў ён ужо па-даросламу, насіў доўгія валасы, якія раз-пораз закідваў назад, на ім была футболка, вочы сур'ёзныя, уважлівыя.

— Ага. Ты толькі бульбачкі адвары звечара, каб я заўтра карову і парсюка пакарміла. Мне ўжо лепш.

—А мо рана яшчэ, дык я застануся. Урокі цяпер лёгкія.

— Не, не, сынок, — не згаджалася маці, — колькі ж можна ляжаць. Ды і баба прыйдзе, паможа.

Сын падпаліў раніцай у печы, паклаўшы яшчэ звечара смалякі пад дубовыя дровы, — яны ўхапіліся адразу полымем. Гаспадар, паснедаўшы, падаўся на работу.