Читать «Азірніся ў каханні» онлайн - страница 128

Анатоль Бароўскі

Мікіта схамянуўся, падняўся з услончыка, узяў вядро і падаўся да крыніцы.

Бралася на прыцемкі.

Паласацік стаіўся пад ядлоўцавым кустом, прыслухаўся: было ціха. Але тая цішыня прыгнятала яго, трывожыла — усё здавалася, што за ім нехта сочыць.

Ноччу ён выходзіў на жыраванне, але пакаштаваў толькі некалькі лягушак, мыш-палёўку падлавіў, а то сілкаваўся жалудамі, карэннямі. Жалуды яму падабаліся, што губляў высокі дуб, да якога часта наведваецца Дабрадзей, адпачывае каля яго. Прыходзіць туды і жанчына, падоўгу сядзіць пад ім.

Калі выпадаў першы снег, Паласацік прыходзіў да дуба і пысай рыў снег. То былі апошнія даяданкі. Пасля ён зашываўся ў цёплую нару і, укутаўшыся ў пярыну з моху і ляснога пуху, засынаў да вясны...

Падыхала прэлым лісцем, было волгла. Да лап прыліпалі смаўжы, і ён гідліва страсаў іх, хаця ў галодныя дні не грэбаваў і імі. Цяпер яму хацелася не есці, а піць. Ён валюхаўся ў бок рэчкі, туды, дзе быў нізкі бераг, куды ён прыходзіў не раз.

Да яго чуйнага вуха данёсся брэх сабакі. Тады ён стаіўся зноў і прыслухаўся: яму добра быў знаёмы звер, што памагаў чалавеку. Нават Цар яго баяўся, уцякаў з жонкаю і малым — толькі дрэвы потым храбусцелі, калі чапляўся за галіны разгалістымі рагамі. Ён падняўся на пясчаную выспачку сярод густога сосніку, дзе лацвей было ўслухацца і вызначыць, у які бок трымае чалавек і памагаты свой кірунак.

Па полі, апіраючыся на кіёк, крочыў чалавек. Хада яго была павольнай, няспешнай. Побач з ім бег сабака, адставаў, зноў даганяў.

Яны аддаляліся ад Паласаціка, і ён перастаў хвалявацца, супакоіўся. Таго чалавека ён ведаў, не раз страчаўся з ім у лесе. Ніколі ён не насіў за спіною стрэльбы. ён ніколі нічога кепскага не рабіў ні лесу, ні зверу, і таму асцерагацца яго не было чаго. Страшней былі іншыя, якія прыходзілі сюды... Тады і чуліся частыя грымотныя выбухі, як летам у навальніцу, калі жыхала маланка. Барсук баяўся летняга грому, баяўся маланкі.

Тыя людзі, што прыходзілі ў лес, рабілі маланку і гром зімой. Было тады мокра і чырвона ад жывёльнай крыві.

Бачыў часта і таго чалавека, які кожны дзень прыходзіў у лес, заўсёды насіў за плячыма стрэльбу, але і ён ніколі не рабіў грому — ні летам, ні зімой. Звяры не асцерагаліся яго, а Цар дык так асмялеў, што падыходзіў блізка і браў ласунак з рук.

Паласацік збег з пагорка. Па сваёй сцяжыне спусціўся да вады. Наталіўшы смагу, зноў падняў галаву — па-ранейшаму было ціха.

Дарога ляжала праз балотца, потым ішла густым верасоўнікам, дзе заўсёды расло шмат грыбоў і ён карміўся імі. Тут і Рыжуха шастае, з ёю ён жыве ў згодзе, пасябравалі нават — калі быў час, дурэлі разам, ён хаваўся ад яе, а яна скакала з дрэва на дрэва, яго даганяючы, потым ляцела прама на яго і сядала на спіну.