Читать «Душою з небам гаварыць (Выбраная лірыка)» онлайн - страница 39

Ніна Мацяш

ТАЯ ЎСМЕШКА

А. Д. Кушчынай

Праўду кажуць, што ўпоцемках доля брыдзе, Бо не раз і не два спатыкнецца, Хоць магічны ліхтарык даецца — Тая ўсмешка, якая на вуснах цвіце, А карэніцца ў саменькім сэрцы. Як багата людзей умурована ў змрок Страху, злосці або нараканняў, Ні сабе, ні камусьці ў блуканнях Не пасвецяць ні поблізу, ані здалёк, Пераслеплыя да шкадавання. I як мала, як мала між люду такіх, Хто ва ўласнай хадзе па выбоях Зберагае, як найдарагое, Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх, Сам аж свеціцца хто дабратою. Але вось ён, нябесны ці дар, ці заклён: Покуль ляжаш грудочкам пад сосны — Аддавайся жыццю светланосна! I цвіце тая ўсмешка, якая спакон — Знак абранасці тайнай, дзівоснай. 1989 ПАМЯЦІ РАМАНА - Ты клікала мяне? - Прыгадвала цябе. Сказала, Што мне яшчэ ні разу ты Не сніўся... Не падыходзь так блізка: Цябе ж ужо няма, Ты ж у магіле! - Ты памыляешся: Усе мы ёсць. I ўсе мы тут. - Не падыходзь. Не датыкайся! ...I пракідаюся ў спалоху. Кужэльнае святло світання. Уласны мой пакой. Тыгр цацачны з разумнымі вачамі I кнігі на паліцах. Спакой і ціша. Нікога. Але — Зачыненыя нанач дзверы — Прачынены!.. Але — Шчака мая гарыць Ад пацалунка!.. 1989 ПАМЯЦІ ФЁДАРА МІХАЙЛАВІЧА ЯНКОЎСКАГА Бываюць душы — светлата сама, З нялёгкім конам — цемнату адпрэчваць. Вас Беларусі выкахала Вечнасць, Але ў гурмы пытаць пра Вас — дарма: Не ведае, не прыгадае Вас, Таго, хто так нямодна, далікатна, Нястомна ў час, да ганьбы духастратны, Вялічыў дух* каб ён ушчэнт не згас, Каб выспявала, як зара, пара, Калі на мову сэрца і служэння Высока зашугае ўспалымненне I бел-чырвона-белага кастра. Калі, стваральнай мудрасцю жывы, Згартуюць люд Асвета, Памяць, Веры. ...I недзе там, у яснасяйных сферах, За свой народ усцешыцеся Вы! 1991 БРАНЗАЛЕТ

Марыі

...I пакорна белую хусцінку Перад тым, што сталася, ўзняла. Не пярсцёнак на руцэ — пласцінка Шчыльненька запясце абняла. Медны цуд камп'ютэрнага веку — Зелянкава-жоўты бранзалет, Ад усіх занемаганняў лекі: Покуль носіш — будзе ўсё як след! - I галоўцы не балець ад жалю? - I адчаю сэрцайка не джаліць? Ах, не зразу белую хусцінку Перад тым, што сталася, ўзняла. Тонкай змейкай меднай пласцінка Тонкае запясце абвіла. 1989