Читать «Фантамас» онлайн - страница 17

Марсель Ален

— Спыніце яго! Спыніце! Ён толькі што выйшаў адсюль: мужчына, чорная барада, смокінг!

— Вы куды? Што здарылася? — хваляваўся швейцар на выхадзе з гатэля.

— Дакладна не ведаю. Некага абрабавалі. Наверсе нейкія крыкі,— адказаў калідорны, які выбег з ліфта.

— А ты сам з якога паверха? — спытаў швейцар.

— З трэцяга.

— Тады, відаць, крычаць на чацвёртым... Трэба даведацца, што здарылася.

Калідорны, старанна паголены руды бамбіза, зноў зайшоў у ліфт. Кабіна ўзнялася на чацвёрты паверх.

Мюлер, дзяжурны па паверсе, спрабаваў супакоіць княгіню. Яна трымала ў руках тую самую візітоўку, якую яе дзіўны госць пакінуў замест партманета са ста дваццаццю тысячамі франкаў. Папяровая картка была чыстая — ні імя, ні прозвішча.

— Ну што? — спытаў Мюлер у рудога хлопца, які выходзіў з ліфта, і, калі зразумеў, што ягоны твар яму не знаёмы, дадаў: — Ты адкуль?

— Я новы, з трэцяга паверха. Швейцар паслаў мяне дазнацца, што тут адбываецца.

— Абрабавалі княгіню,— сказаў Мюлер.— Трэба хутчэй прывесці паліцыю.

— Я пабег.

Праз хвіліну калідорны з трэцяга паверха быў зноў на нізе і прыспешваў швейцара:

— Хутчэй! Мне загадалі бегчы ў камісарыят.

Швейцар выпусціў яго на вуліцу.

Тым часам паспелі пабудзіць адміністратара гатэля Луі. Ён пабег на чацвёрты паверх. Па дарозе яго спыніла баранеса Ван дэн Розен:

— У мяне ўкралі дыяментавыя каралі!

Да іх падбег Мюлер:

— Я загадаў нікога не выпускаць з гатэля. Так што злодзей нікуды не падзенецца!..

Тут з’явіліся дзве пакаёўкі з шостага паверха. Разгубленыя, яны неслі вопратку і фальшывую бараду з парыком, якія знайшлі ў ліфце. Яны паклалі іх на падлогу перад Луі. Мюлер адразу западозрыў нядобрае:

— Які з выгляду новы калідорны з трэцяга паверха?

Тут да іх падышоў яшчэ адзін калідорны: мужчына ў гадах, лысы, з белымі бакенбардамі.

— Дык вось ён. Яго імя Арнольд,— здзівіўся Луі.

— Халера! — вылаяўся Мюлер.— А руды хлопец?

— Руды? — перапытаў Луі і адмоўна пакруціў галавой.— Рудых у нас наогул няма.

Мюлер збег па сходах.

— Хто-небудзь выходзіў? — спытаў у швейцара.

— Ніхто,— адказаў,— апроч калідорнага з трэцяга паверха. Вы паслалі яго па паліцыю.

— Руды?

— Руды,— пацвердзіў швейцар.

Княгіня напаўляжала ў фатэлі і ўсё яшчэ трымала ў руках візітоўку. Нібы загіпнатызаваная, княгіня глядзела на яе, вочы яе шырока раскрыліся ад жаху. На кардонцы, да гэтага спрэс белай, паступова пачалі з’яўляцца знакі, літары, і княгіня прачытала:

— Фан... та... мас!

ФАНТАМАС!!!

XI

Следчы і паліцыянт

Судовы следчы Фузілье спыніўся пасярод свайго кабінета ў Палацы Правасуддзя. Далікатны грукат у дзверы перапыніў ягоны роздум. Дзверы прачыніліся. Фузілье пазнаў наведвальніка і шчыра прывітаўся:

— Гэта мой дарагі камісар Жуў! Рады бачыць пана! Нарэшце!

— Пан Фузілье,— адказаў Жуў,— цудоўна ведае, як я да яго стаўлюся. Але зараз шмат працы і мала часу.

— Поспехі паліцыі ані ў кога не выклікаюць сумненняў.

Камісар Жуў махнуў рукою:

— Не разумею, пра што гаворка.

— Што новага па справе лорда Белсома? — спытаў Фузілье.