Читать «Босая зорка» онлайн - страница 3

Рыгор Барадулін

ДОЎЖЫЦЦА...

Дзень скарацеў, Як і цень мой зямны. Ноч падаўжэла, як вечная тая, Што землялюбаў халодна вітае Позіркам, Дзе не чуваць гаманы. Б'ецца на цурачкі сподзеў, Я к збан. Роспач глядзіць, як змяя-верацея З зябкай замовы, дзе боль карацее. Доўжыцца, Доўжыцца, Доўжыцца зман...

КАПЛІЦА

Вада на тое й тоіцца, каб ліцца, Рыпіць ля крушні скруха: Сон не руш... Узгадвае пра капішча капліца — Начлег часовы пералётных душ. Душы хутчэй бы з зорамі пыліцца, Ды глухне шлях ад зманнай гаманы. І кеміць, як халодны грэх, Капліца: Цяжэйшы пыл нябесны ці зямны?.. Мычыць у небе зорная цяліца. Цямнее крыж. Як воран-чарнакрыл. I крылаў дачакаецца капліца, Каб паляцець i ёй за небасхіл...

ІСЦІМЕ...

Ажно маладзеюць сцены старыя, Лягчэе з адвечнай скрухай кулёк. Трымае сына Дзева Марыя. А ў немаўляці ў руцэ — Васілёк. У ціхай свячыцы святая праца, Што свенціць свет Незямным святлом. Святло разгарыцца, Каб мог спрачацца Наш дух вячысты З вачыстым злом. Полымнакрыла б'ецца трывога Нікім неспалоханым матыльком. Душа беларуская йсціме Да Бога З нябеснаю свечкаю З васільком. Лондан, 1998

АНЁЛ, ЯКІ НА ЛЮТНІ ГРАЕ...

Ён будзе мроіцца тады, Анёл, які на лютні грае, Калі забытыя сляды Згадае сцежка маладая. Калi гады, нібы дзяды, На прызбу стомы сядуць з краю, Ён будзе мроіцца тады, Анёл, які на лютні грае. Калі не позірку бяды, А зноў душа паверыць раю, Ён будзе мроіцца тады, Анёл, які на лютні грае.

BAPABA

Натоўп. гарачы на расправу. На помач не падасць i кста, Сцяною стане за Вараву I падпіхне на крыж Хрыста. Натоўпу боль чужы нясвежы, Для цёмнай злосці мала джал. Хацежы замінаюць межы. Руйнуе ўсё аслеплы шал. Чым болей глотак, болей права. З грахамі доўга едзе воз. У кожным з нас жыве Варава. І рэдкім госцем — Пан Хрыстос.

ТОЛЬКІ...

Босая сцежка да храма Ногі грахамі мые. Родная толькі мама. Родные ўсе — Чужыя!

НЯМА КАЛІ

Няма калі Богу хварэць — Адзін на такую гасподу. Бадай аратай-гаспадар Яго зразумее дагоду. Няма калі Богу старэць, Бо чорт маладзее з гадамі. Світанак — ахвярны святар Разбудзіць ды паспагадае. Няма калі дбаць пра сябе Ды выгадаць нешта ў дзяльбе — Абы перапала тварыне Жывое Яго мілаты. Хай Богу хоць сон залаты Прысніцца ў нябеснай адрыне...

IN MEMORIA

Над Беларуссю Сонца марудна ўстае. I спяшаецца за навалай навала. Адам Міцкевіч паліць Беларускія вершы свае, Каб напісаў ix Янка Купала...