Читать «Журавінка» онлайн - страница 15

Рыгор Барадулін

ПРЫЁМНАЯ КАМІСІЯ

(Адказнейшая місія)

He ўсім яна прыемная, Камісія прыёмная... Тут справы патаемныя, Гуляюць часта «ўцёмную». Ідзе абмяркаванне думна, Грунтоўна, Доўга, Нават сумна. Сур'ёзны тут вядзецца рэй. Ды з рэплікамі Весялей! У рэпліках — Парады, Звады. Ушчэнт карчуюцца Літляды! Клапоцяцца пра маладых: Каго — ў Саюз, Каму — пад дых... — Лепш пачакаем — Малады... Хоць, праўда, мы ў яго гады. Так, нам было не да навукі! А зараз моладзь — На ўсе рукі... — Ba ўсім патрэбна ведаць меру. Прымі, а потым — Дай кватэру!.. Падумаць варта на той конт, Што церабіць панне літфонд... Перакананы рэаліст, Заўважыць слынны раманіст: — Ён зборнік выдае Другі, А ўсё не аддае Даўгі. — I не такі ўжо майстра сталы, Каб з Бахусам вадзіць хаўрус. Ён рэстаранным філіялам Зрабіць захоча ўвесь Саюз! — Яшчэ як талент не паспеў, A ўжо развесціся паспеў! — У акадэміі працуе I манаграфіі прасуе. Дагэтуль пра мяне — няма, Відаць, спяшаемся дарма! — Заўжды прамоўцаў атакуе, Заўжды масцітых крытыкуе, Заўжды шле кпіны з задняй лавы... Яшчэ прымажацца да славы! — Кандыдатура тут не тая — Ён нашых твораў не чытае... На ўзрост бываюць часам скідкі — Мы разам з ім Насілі світкі... Мы разам бегалі ў грыбы. Ў яго узросце не любы Працягвае пісаць упарта. Прыняць за цягавітасць варта!.. — Мусоны дзьмулі I пасаты, Шчырэў ён, Чэсны працаўнік... — Пачэсныя займаў пасады, Як прынцыповы кіраўнік. — Ён трошкі ў росце быў засеў Хай невялікі — Свой засеў! — На пенсію ён пойдзе скора. Ім кіраваць — Не ведаць гора! Ён будзе ў клуб хадзіць ахвотна Бо дома ўжо сядзець маркотна! Тут кожнага Як след ацэняць, А калі трэба,— Дык заценяць. . . . . . . . . . . . . . . Калі б камісію прасілі «Прафільтраваць» Свой склад на міг, Яны б, напэўна, пракацілі На вараных Сябе саміх...