Читать «Журавінка» онлайн - страница 14

Рыгор Барадулін

БУЗКАШЫ

Ты не бачыў аніколі Бузкашы? Ты таджыку пра такое Не кажы! Не застольная бяседа — Бузкашы: Захапі казла ў суседа I скачы. Не зважаюць на начальства. На радню, Капыцяць і рвуць на часткі Цішыню. І чыны й пасады зніклі, Зло — на злом! Галава адно панікла Над казлом. Гэты козлік адпушчэння Два пуды, Не схаваеш у кішэні — Паўбяды! Жарабца хлапец асмуглы Закасіў. Сам бізун, як тыя цуглі, Закусіў. Горды дзед белагаловы, Як Памір, Б'е галопам, б'е галопам Жоўты жвір. Зашчаміў казла нагою, Вецер — друг. Мчыць пагоня, не нагоніць — Блізка круг. Не відаць у тлуме, ў гуле Ну ані — На казле ляціць дзядуля?.. На кані?.. Кінуў чорнага i крэкча, Перамок. Мо ў апошні раз старэча Перамог. Раздзімаюць горны-храпы Скакуны. Тут не возьмеце нахрапам, Крыкуны. Мы ў даліне ўтульнай спеем, Бы ў кашы. Не да працы, не да спеваў — Бузкашы! Валам валяць людзі звыкла З кішлакоў, Заганяюць матацыклы, Ішакоў. Піялу з зялёным чаем Асушы — І прыпомніш ты з адчаем Бузкашы. У прэзідыумах млеюць — Бузкашы, На паважных асамблеях — Бузкашы. I на зборышчах паэтаў — Бузкашы. Ды таджыку ты пра гэта Не кажы!..

Пра літбратоў і літсясцёр

ДЗЕ ПЕГАС ПАСЕЦЦА...

У творчых секцыях Творчых секцый у Саюзе, Як стажкоў на счахлым лузе. I чуваць з усіх бакоў Галасы кіраўнікоў: — Год мінае, Трэба, братцы, Нам шчырэй за працу брацца!.. Секцыя прозы (Заявы, пагрозы) Імкнецца кожны ўперад выдацца I ў серыі рамана выдацца... Секцыя паэзіі (Усе ў геніі палезлі) Рыфмуюць тут, Што ні кажы, I тыражы, I гаражы. Секцыя крытыкі (Выспяткі, вытаўкі) Кожны крытык Ля ўласных карытак. Секцыя драматургіі (Засядаюць — пі'шуць другія) Чакае кожны з драматургаў, Каб хоць аванс Ды раскатурхаў. Секцыя дзіцячая (Замілаванне цялячае) Лаўраў мала, Бо ўсе лаўры У Шушкевіча Ды ў Маўра! Секцыя перакладу (Не заўсёды ўсё да ладу) Як класіка перакладзеш Да касы Класікам ідзеш! У сектах Ёсць яшчэ ў Саюзе Секты. Тут прагнозы, Тут пражэкты. Ды не думайце, Сектанты — У Саюзе кватаранты! З ix я вам не раю кпіць. Дзейнасць бурная кіпіць Шаптуны (Па закуцці ўсе яны) Шэпчуцца, Хто з кім ідзе, Хто каго Куды вядзе... Трасуны (Трасуцца без віны) Жах i ў паставе І ў паглядзе — Хаця б успомнілі ў дакладзе Прарокі (Лічаць класікаў крокі ) ім карціць адно пытанне: Хто к ім будзе, Хто кім стане?.. Евангелісты (Яны заўсёды сцелюць лістам) Егвангелле адно для ix — Увесь набор Уласных кніг. Адвянцісты (Умеюць адвінціцца) Ад вымовы, Ад нагрузкі, Ад кілішка, Ад закускі. . . . . . . . . . . . . . Калі зашмат I сект i секцый,— Пегас на водшыбе пасецца...