Читать «На крыжах» онлайн - страница 9
Васіль Быкаў
Калі гэта так у адносінах да чалавечага існавання наогул, дык ці трэба многа даказваць, як гэта важна ў дачыненні да такой экстрэмальнай з'явы, якой з'яўляецца вайна. І з усіх войнаў — наша вялікая вайна з нямецкім фашызмам. Якая тут патрэбна дакладнасць, выверанасць агульнага і праўдзівасць прыватнага.
На жаль, трэба прызнаць, што ў некаторых сучасных творах літаратуры і асабліва кіно пра вайну гэтыя крытэрыі гранічнай праўдзівасці нярэдка страчваюцца і тым самым вольна ці не размываецца праўдзівая памяць народа аб самым цяжкім і велічным перыядзе яго існавання. Асабліва тут прыкра тое, што гэтая размытасць ідзе галоўным чынам па лініі эмоцый і псіхалогіі — самага тонкага і самага адчувальнага элемента рэалістычнага мастацтва. Некаторым, можа, здаецца, што гэта якраз і неістотна, былі б захаваны знешнія дэталі і рэаліі таго часу, а псіхалогія гэта эфемерыя, і чым яна прасцей — тым лепш. Але яшчэ ад Талстога мы ведаем, што «можно выдумать что угодно, но нельзя выдумать психологию». Дык вось, у такіх творах найбольш вольна абыходзяцца менавіта з псіхалогіяй, зводзячы яе да прымітыву, да псіхалагічнага знака. Але без праўды псіхалогіі няма мастацтва, ёсць хіба прадукт бяздумнай масавай культуры, што гэтак пашыраецца ў масах спажывецкага грамадства. Але нам у нашым гістарычным мінулым, з нашай вялікаю самаахвярнай вайной, з нашай выдатнейшай класікай, ці нам гожа грэбаваць праўдай жыцця, паглыбленым рэалізмам. Цяпер, ва ўмовах нагнятання новай глабальнай пагрозы для чалавецтва, важна і дорага кожнае слова праўды пра мінулую вайну, слова, сказанае разумна, з талентам і тактам як у адносінах да жывых, так і ў дачыненні да паўшых. Так як гэта робяць лепшыя прадстаўнікі ваеннага мастацтва і літаратуры, старэйшыя, што самі са зброяй у руках змагаліся з фашызмам, трохі маладзейшыя за іх, чыё дзяцінства прайшло ў голадзе і холадзе акупаваных ворагам гарадоў і вёсак, і нават тыя, што нарадзіліся пасля вайны, але атрымалі яе з геннаю спадчынай ад бацькоў і імкнуцца расказаць пра яе калізіі — праўдзіва і без упрашчэнства.
Пакуль чалавецтва будзе ўсведамляць і памятаць, што яно перажыло ў сярэдзіне XX стагоддзя, што страціла і чаго дамаглося — новая вайна немагчыма. Я ў тым упэўнены.
ВЫСТУПЛЕННЕ НА ПЛЕНУМЕ СП БССР
Лістапад 1985 г.
Мы жывём у час трывог ад страшэннай пагрозы вайны на знішчэнне, час — рысу, якая падзяляе існаванне чалавецтва на ДА- і ПАСЛЯатамную эпоху і тоіць у сабе пытанне: ці наступіць наогул гэтая пасля-эпоха? Менавіта такі клопат-трывога нязбыўна жыве ў душах людзей, свядомасці цэлых народаў і накладвае незвычайны па ступені адказнасці абавязак на нас, працаўнікоў культуры.
Але культура можа нармальна развівацца толькі ва ўмовах міру, бо яна — прадукт цярпімасці, суіснавання і адначасна фермент высокай чалавечай духоўнасці, якая толькі і можа цяпер супрацьстаяць усяленскаму ядзернаму шаленству. Яна — тое, што тонкай, але надта жывой і неабходнай ніткай злучае ў жыцці мінулае з будучым. Здаўна вядома, што сувязь часоў — не абстрактнае паняцце, гэта катэгарычная прадумана міру і паступальнага развіцця грамадства, і гора таму грамадству, дзе гэтая сувязь ірвецца. Утвараецца пустка, якую, як вядома, не трывае прырода; духоўная ж пустка не толькі спыняе развіццё нацыі,— яна адкідвае яго да нуля. І тады зноў патрэбны стагоддзі высілкаў, подзвігаў апосталаў духу, каб вярнуць нацыю і грамадства ў іх гістарычны рад. Прыкладаў такога роду безліч у гісторыі, мы мелі магчымасць назіраць іх на працягу нашага жыцця — у Азіі, Еўропе, у Лацінскай Амерыцы.