Читать «На крыжах» онлайн - страница 10

Васіль Быкаў

Так, сёння мы з'яўляемся сведкамі развітой эканомікі нашай рэспублікі, сельскай гаспадаркі, з'яўляемся ўдзельнікамі пэўнага развіцця нацыянальнай культуры. Мы маем права ганарыцца дасягнутым, але дух часу, задачы пераўтварэння, якія стаяць перад краінай, нарэшце, рашэнні XXVII з'езда КПСС абавязваюць нас найбольш гаварыць пра нашыя недахопы, якіх у нас таксама нямала.

Я хацеў бы перш за ўсё звярнуць увагу шаноўных калег на тую несумненную ісціну, што нашыя поспехі і няўдачы найперш звязаны з вечнаю праблемай літаратуры, якая хвалявала майстроў слова ўсіх часоў і народаў: для каго пісаць? Хто нас чытае? І калі ў чыста рытарычным плане заўжды ёсць выразны адказ на гэта пытанне, дык часам яго нестае ў свядомасці, у практычных справах пісьменнікаў. Канешне, на тое ёсць шмат прычын: гэта і яўнае зніжэнне ў наш час значнасці друкаванага слова, якое знаходзіцца ў стане жорсткай канкурэнцыі з тэлебачаннем і відэаэлектроннымі сродкамі, гэта і пэўнае звужэнне моўнага нацыянальнага арэалу, і павышаны тэмп жыцця, і славуты паток інфармацыі, ад якога ўжо нікому і нідзе няма паратунку. І тады шмат каму пачынае здавацца, што даволі абстрактнае паняцце «народ» найлепш атоесамляецца з надзвычай канкрэтным паняццем бюракратычных інстанцый — ва ўсёй багацейшай разнастайнасці іх праяўлення. Асабліва яшчэ, калі тыя інстанцыі могуць даволі адчувальна ўшчуваць прыгожае, але і далікатнае пісьменства. І з'яўляюцца творы, яўна разлічаныя на лёгкую «прахадзімасць», на тое, каб хутка дагадзіць тым, ад каго залежыць іхняя ацэнка да друку, у друку і пасля выхаду з друку. Але ў жыцці, на шчасце ці на бяду, шмат што адбываецца не так, як плануецца: чаргуюцца кампаніі, мяняецца начальства і ягоныя густы. А самае, можа, галоўнае — мяняецца сам час, і творы такога роду канчаюць сваё жыццё ў літаратуры раней, чым паспее выйсці збор твораў іх паважанага аўтара. І гэта зразумела, бо падобныя творы — не што іншае, як прадукт кан'юнктурнага разліку, сезонны тавар шырспажыву, акт ператварэння высокае творчасці ў рамяство. Менавіта ў гэтым мне бачыцца прырода той самай шэрасці, параднасці і алілуйшчыны, якія з нейкага часу сталі пагрозаю для літаратуры і аб якіх нямала гаварылася з трыбуны XXVII партыйнага з'езда. Канешне, гэта не адзіная прычына нашых заган, ёсць і некаторыя іншыя, але гэтая — безумоўны вынік разліку, аглядкі на ласку рэдактара, без меры прывярэдлівага Галоўліта, некаторых кансерватыўных (літаратурных і нелітаратурных) начальнікаў.