Читать «На крыжах» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

У Барадуліна роднае слова гучыць так натуральна і мілагучна, як спрадвеку гучаць у сусветнай паэзіі італьянскае, французскае, расейскае словы. Бо яно, гэтае слова, набывае мілосці і пекнаты з самых глыбіняў закаханага ў яго майстра, сапраўды народнага паэта Беларусі.

Пра паэзію Барадуліна і яго самога можна гаварыць бясконца, ды ўсё роўна сказанае не вычарпае ягонай сутнасці. Барадулін як чалавек і паэт невычэрпны. Бо ён арганічна таленавіты. І яшчэ ён зменлівы. Зменлівы, як кожная жывая істота, як талент, які бярэ ад жыцця на шматпакутнай святой зямлі пад сонцам любае Бацькаўшчыны.

І гэта выдатна. Толькі жывы талент здольны нарадзіць жывую паэзію, якая ў сваю чаргу жывіць культуру, народную самасвядомасць. Паэзія Барадуліна напэўна ж будзе з таго нешматлікага, што, наспатолеўшы духоўную прагу часу, пяройдзе парог стагоддзяў.

Пяройдзе нашаю класікай.

Таму што Барадулін ужо і цяпер, пры жыцці, выдатны наш класік, гонар беларускай культуры, і хоць аб тым пакуль не напісана ў падручніках, не абвешчана з літаратурных кафедраў, гэта так. (Зрэшты, Пушкіна таксама не песцілі ні імператар, ні ягонае міністэрства асветы, затое яго прыняла літаратурная вечнасць.)

ВЫСТУПЛЕННЕ НА ПЛЕНУМЕ СП БССР

Чэрвень 1985 г.

Падзеі такога роду, як наш юбілейны пленум, адметны пэўнаю дадатнай якасцю — яны даюць магчымасць зазірнуць у мінулае, агледзець свой шлях, каб нешта ў ім зразумець. Звычайна, у наш вельмі дзелавы, прагматычны і хуткаплынны век гэта зрабіць няпроста, людзі занятыя важнымі справамі, і для таго, каб азірнуцца на сябе і сваё мінулае, у сучаснага чалавека проста не хапае часу. А можа, і вялікага жадання таксама.

А між тым памяць — гэта матэрыяльная сіла, галоўны элемент чалавечай духоўнасці, яна не толькі здольна ўзнаўляць мінулае, але і вызначаць будучае. І ў катастрафічныя моманты гісторыі ворагі-заваёўнікі ў адносінах да народа-ахвяры перш за ўсё спрабавалі пазбавіць яго гістарычнай памяці, пасля чаго з ім можна было зрабіць, што хочаш. Многія народы выстаялі ў сваім гістарычным існаванні (нягледзячы на тое, што былі напалову фізічна знішчаны ці на стагоддзі пастаўлены на калені) менавіта з дапамогай пісьменнасці і мастацтва, у якіх увасобілася памяць аб мінулым, што з цягам часу дала ім магчымасць узрадзіцца. Успомніце гісторыю балгар. У той жа час адсутнасць пісьменнасці, гістарычнае бяспамяцтва зводзілі ў нябыт нават магутныя плямёны і народы, пра якіх мы і ў XX стагоддзі мала што знаем. Як пра нашых суседзяў яцвягаў, напрыклад.

Так, мы маем развітое мастацтва, высокамастацкую літаратуру, якія надзейна асэнсоўваюць і захоўваюць для нашчадкаў духоўную сутнасць нашай культуры, узбагачаюць народную самасвядомасць. І ў іх, вядома, адно з самых шаноўных месцаў належыць тэме мінулай вайны з нямецкім фашызмам, у якой мы панеслі небывалыя ў гісторыі страты, але і здабылі таксама найвялікшую ў гісторыі перамогу.